Увечары 14 жніўня маланка трапіла ў адну з вежаў гожскага касцёла (дэканат Гродна-Усход), што стала прычынай пажара ў святыні.
"Дашчэнту згарэла сакрыстыя. Супрацоўнікі МНС аператыўна патушылі агонь, але касцёл усё роўна пацярпеў: яго сцены моцна закураны дымам, падобна як пасля пажару ў гродзенскай катэдры", - распавёў пробашч парафіі св. апосталаў Пятра і Паўла ў Гожы кс. Павел Шанчук.
Даведка:
Будаўніцтва сённяшняга мураванага касцёла ў Гожы побач з месцам апошняга драўлянага касцёла пачалося ў 1862 г. намаганнямі тагачаснага пробашча кс. Паўла Транчынскага. 30 красавіка 1862г. быў асвечаны краевугольны камень. Тэхнічным кіраўніком будаўніцтва стаў гродзенскі архітэктар Якуб Фардон, бацька будучага кандыдата на алтар – а. Мельхіёра Фардона OFM Conv. Першае набажэнства ў новапабудаваным “працаю і ахвярамі парафіянаў” касцёле адбылося 30 лістапада 1869 г. (па некаторых дадзеных, будаўніцтва скончылася ў 1865 г.), калі касцёл быў асвечаны гродзенскім дэканам кс. Аляксандрам Гінтаўтам пад вызваннем святых Апосталаў Пятра і Паўла і Маці Божай Суцяшэння.
26 кастрычніка 1847 г. тагачасны пробашч кс. Станіслаў Гірульскі заснаваў пры гожскім касцёле брацтва Найсвяцейшай Маці Суцяшэння, св. Аўгусціна і св. Монікі. У 1853 г. тут, як дзейны, згадваецца шпіталь. У 1866 г. у гожскую святыню былі перанесены абразы (а таксама метрычныя кнігі 1740 – 1866 гг.) з зачыненага касцёла ў Прывалцы. З 1909 г. намаганнямі кс. Канстанціна Цежыка ўрачыстасць Маці Божай Суцяшэння стала парафіяльным святам (святкавалася ў першую нядзелю пасля св. Аўгусціна). У XIX ст. да парафіі належалі касцёлы ў Пераломе і Друскеніках (з 1920-х гг. – самастойная парафія, цяпер Літва), да скасавання – таксама філіяла ў Прывалцы. У 1927 г. касцёл кансэкраваў віленскі арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі.
Касцёл уяўляе сабою дзвюхвежавую святыню ў неагатычным стылі, прамавугольную і безапсідную ў плане, фасады якой выкладзены з буту і атынкаванай цэглы. У трох’ярусных вежах да 1944 г. былі змешчаны 5 званоў: чатыры у адной і адзін, вялікі, з выяваю Маці Божай Гожскай і вагою ў 31 пуд, ахвяраваны ў 1907 г. Сэрафінам Галубінскім - у другой. У 1885 г. касцёл і бутавая агароджа касцёльнай тэрыторыі былі накрыты дахоўкай (цяпер на касцёле бляшаны дах). Падлога ў касцёле была драўлянай, толькі ў прэзбітэрыі – з цэменту. Інтэр’ер касцёла падзелены на тры навы шасцю квадратнымі слупамі. Унутры - тры алтары, выкананыя ў тэхніцы ілюзорнага неабарочнага жывапісу, і 4 алтарныя драўляныя кампазіцыі.
Да пажару 1944 г. у касцёле было пяць двух’ярусных алтароў. Абраз МБ Суцяшэння ў галоўным барочным алтары засланяўся абразом святых Пятра і Паўла (да 1907 г. - абразом св. Дамініка), вакол першага яруса алтара былі фігуры святых Аўгусціна і Язафата, у другім ярусе быў змешчаны абраз Перамянення Пана (да 1907 г. – разьбяное Укрыжаванне).
У левым бакавым алтары над абразом св. Антонія Падуанскага (да 1907 г. тут быў абраз святых Пятра і Паўла) знаходзіўся абраз Маці Божай Ружанцовай, вакол першага яруса былі змешчаны фігуры святых Евангелістаў Яна і Лукі, другога – 5 разьбяных анёлаў. У правым бакавым алтары над абразом МБ Лурдскай (да 1907 г. – абраз св. Антонія), які засланяўся абразом св. Казіміра, быў абраз св. Аўгусціна (да 1907 г. – абраз св. Марыі Магдалены), на першым ярусе былі змешчаны фігуры святых Евангелістаў Марка і Мацвея, на другім – таксама 5 разьбяных анёлаў.
Яшчэ два алтары былі ўсталяваны ў 1883 г. пры сярэдніх апорах і перабудаваны ў 1907 г. У левым алтары над абразом Маці Божай Шкаплернай знаходзіўся абраз св. Тэрэзы (да 1907 г. – над Укрыжаваннем абраз МБ Шкаплернай), на першым ярусе былі фігуры святых Апосталаў Андрэя і Якуба, на другім – 7 разьбяных анёлкаў. У правым алтары над абразом Бічавання Пана быў змешчаны абраз св. Марыі Магдалены (да 1907 г. – абраз св. Тэрэзы), на першым ярусе былі фігуры святых Апосталаў Фамы і Сымона, на другім – 4 разьбяныя анёлкі. У 1944 г., пры адыходзе нямецкіх акупацыйных войскаў, гожскі касцёл быў спалены. Аднак дзякуючы настаяцелю кс. Баляславу Гаўрыхоўскаму (+1996) і капуцынам з Пералома, ён быў адбудаваны ўжо ў пасляваенны час (рэдкі выпадак пры савецкай уладзе). У 1950 г. сюды з зачыненага Пабрыгіцкага касцёла былі перавезены лаўкі, зробленыя ў 1646 г. майстрам Георгам Зэхлем. У 1970-я гг. касцёл атрымаў статус помніка архітэктуры з рысамі неаготыкі.
Фота: newgrodno.by