Пры парафіі Св. Казіміра ва Уселюбе (Навагрудскі дэканат) прайшлі рэкалекцыі для дзяўчат, якія правялі сёстры салезіянкі.
Духоўныя практыкаванні адбываліся з 26 ліпеня па 2 жніўня пад назвай “Як гліна ў руцэ ганчара, так вы ў Маёй руцэ”.
У праграме рэкалекцый былі малітва, канферэнцыі, час на разважанне, адпачынак, гульні і забавы.
Уражаннямі дзеляцца ўдзельніцы:
Вікторыя Каўчун (15 гадоў), Гродна:
“Уражанні ад рэкалекцый вельмі добрыя. Шмат карыснай інфармацыі, добрая і вясёлая атмасфера. Удзельнічала ўпершыню, але спаткала новых людзей. Прыязджалі запрошаныя госці, якія дапамаглі знайсці адказы на мае пытанні”.
Дзіяна Рыдзель (16 гадоў), Смаргонь:
“Летам час прабягае вельмі хутка, вось і гэтыя рэкалекцыі прайшлі хутка. Падчас гэтых васьмі дзён я змагла адпачыць духоўна: насыціцца Божым словам, паслухаць голас Бога падчас “пустыні” і адарацыі. Кожны дзень мы пачыналі са святой Імшы, якая дапамагала нам адчуць Божую любоў.
Я пазнаёмілася з вельмі цікавымі людзьмі, якія прамовілі для нас канферэнцыі. Акрамя духоўных практык, было шмат вясёлых гульняў. Таксама мы з дзяўчатамі ўдзельнічалі ў пілігрымцы да месца расстрэлу сясцёр назарэтанак. Яны сталі для мяне прыкладам ахвярнасці і бескарыслівай любові да бліжняга.
На гэтых рэкалекцыях мы сустрэліся з добрымі людзьмі, якія ахвяравалі свой час і магчымасці. Дзякуючы рэкалекцыям мая вера аднавілася”.
Ірына Мікелевіч (20 гадоў), Нача:
“Я вельмі рада, што змагла трапіць на рэкалекцыі, бо гэты час прайшоў вельмі плённа для мяне. Я знайшла адказы на многія свае пытанні і духоўна ўзбагаціцца. За гэтыя дні я зразумела, што Бог кожны дзень са мной і Яго любоў не мае межаў.
Для мяне было ўпершыню адчуць “пустыню”, якая дапамагла мне справіцца з некаторымі няпэўнасцямі. Дзякуй вялікі ксяндзу Віталію за яго гасціннасць і малітву, а нашым сёстрам салезіянкам за тое, што дапамаглі знайсці яшчэ адну вялікую сям’ю”.
Удзельніцы рэкалекцый удзячныя сёстрам салезіянкам за арганізацыю гэтай сустрэчы і за час, які ім прысвячаюць. Словы ўдзячнасці яны скіроўваюць таксама кс. Віталію Цыбульскаму, пробашчу парафіі ва Уселюбе, за адкрытае сэрца і гасціннасць.
Kс. Юрый Марціновіч