Святая Імша – вельмі важны момант у жыцці кожнага католіка, таму кожны дзень мы пачынаем з Эўхарыстыі. Сённяшні – не быў выключэннем.
Прачнуцца было ўжо не так лёгка, як учора, але, сабраўшы волю ў кулак, мы расплюшчылі вочы, усталі з ложка, пачаставаліся смачнымі аладкамі і, поўныя сіл, з добрым настроем, пайшлі ў касцёл.
Сёння Касцёл успамінае благаслаўленую Кінгу, якая прысвяціла сваё жыццё хворым. Так і нашая сястра Кацярына па прыкладзе благаслаўлёнай Кінгі ад самага ранку ахвярна служыць усім, хто патрабуе дапамогі.
Скончыўшы ўсе неабходныя для далейшага пілігрымавання прыгатаванні, мы падзякавалі жыхарам Астрыны за гасцінны прыём і адкрытыя сэрцы. Толькі вырушылі з Астрыны, як пачаўся невялічкі дожджык. Але гэта не стала перашкодай на шляху, наадворот, паспрыяла малітоўнаму настрою.
Час праляцеў вельмі хутка. Мы прыйшлі на прывал, каб трохі адпачыць. За гэты час разышліся хмаркі, прыгрэла сонейка – і мы вырушылі далей.
Падчас разважанняў над сённяшнім Божым словам кс. Віталій Сідорка заахвоціў кожнага адказаць сабе на пытанне: "Што мне не падабаецца ў маім асабістым касцёле?".
Не паспелі мы стаміцца, як зноў пачулі голас сястры: "А ў нас прывааал!". Ахвярны жыхар вёскі Андрушоўцы прадставіў магчымасць паабедаць на яго ўласнай аграсядзібе. Падсілкаваўшыся смачным абедам, самыя моцныя пачалі іграць у валейбол і танцаваць.
Адпачыўшыя, мы вырушылі далей. Да Шчучына заставалася літаральна некалькі кіламетраў, калі нас сустрэлі добразычлівыя жыхары Тапілішак, якія кожны год частуюць пілігрымаў на ўваходзе ў горад. І вось нарэшце мы прыбылі. Крыху адпачыўшы і падсілкаваўшыся ў гасцінных жыхароў Шчучына, па традыцыі сабраліся у святыні.
Пасля таго, як падзяліліся думкамі і ўражаннямі, нас чакаў сюрпрыз: навагрудская моладзь не дачакалася і прыехала да нас з канцэртам. Нягледзячы на стомленасць, імправізаванае выступленне скончылася даволі позна.
Вялікі дзякуй гурту "Veni" за гэты вечар! З радасцю на вачах і ў сэрцы пілігрымы пайшлі адпачываць. Заўтра нас чакае новы дзень, новыя клопаты і нечаканасці, але, кладучыся ў ложак, трэба мець давер Богу і заўседы памятаць словы Езуса: "Не турбуйцеся пра заўтрашні дзень, бо заўтрашні сам за сябе патурбуецца: досыць кожнаму дню свайго клопату" (Мц 6, 34).
Вікторыя Чачотка