Skip to main content

Нататкі паломніка са шляху да сясцёр мучаніц з Навагрудка. Дзень 2

gr nav szliach 6Другі дзень нашага пілігрымавання да сясцёр пачаўся сціплым сняданкам, але мы, пілігрымы, адчулі задавальненне не ад пасілку, але ад утульнай атмасферы, пануючай падчас трапезы. Хтосьці падкрэсліў, што не заўсёды існуе магчымасць сабрацца за адным сталом, каб паразмаўляць і пажартаваць, як сапраўдная сям'я.

Св. Імша, як цэнтр духоўнага жыцця хрысціянаў, дала зарад сілы на гэты цудоўны дзень, які нам падараваў Бог. Лічу не выпадковым тое, што сёння Касцёл успамінае святую Брыгіту, патронку Еўропы, жыццё якой было моцна звязана з пілігрымаваннем. 

На пачатку дня мы атрымалі заданне ад духоўнага айца пілігрымкі паспрабаваць адказаць сабе на пытанне: "Што ёсць ува мне добрага, за што Бог выбраў менавіта мяне?"...

gr nav szliach 3

Добрае надвор'е спрыяла таму, што мы вельмі хутка прыйшлі на абед. Ён быў не такі, як звычайна. Палявая кухня працавала ад самага ранку, каб паспець прыгатаваць смачныя стравы для стомленых пілігрымаў.

Не паспелі мы падсілкавацца і прылегчы паспаць, як пачаўся дождж, таму прыйшлося апрануцца ў дажджавікі і крочыць далей пад буйнымі кроплямі. Лівень і адсутнасць тубы не сталі перашкодай у тым, каб распачаць Вяночак да Божай міласэрнасці, а  пасля – адразу ружанцовую малітву.

gr nav szliach 2

На працягу дня дзейнічала рубрыка "Пытанне-адказ": можна было ананімна задаць пытанне на любую тэму нашым святарам. І вось пад вечар, калі скончыўся дожджык і назбіралася шмат цікавых пытанняў, ксяндзы паспрабавалі даць адказ на кожнае з іх.

Апошні пастой прынёс шмат сюрпрызаў. Прэфект ВДС у Гродне кс. Андрэй Лішко правёў конкурс, у якім разыграў кружэлкі новага альбому гурту "Ave". Пытанні былі вельмі розныя: ад даўжыні самага вялікага перапынку паміж лекцыямі ў семінарыстаў да імёнаў біскупаў нашай краіны, якія скончылі Гродзенскую семінарыю. А ўсіх тых, каму не пашанцавала атрымаць запаветны прыз, кс. Антоній Грэмза пацешыў салодкім пачастункам – смачным марозівам.

gr nav szliach 1

Напрыканцы гэтага насычанага дня мы сабраліся разам у касцёле, каб адараваць Пана Езуса ў Найсвяцейшым Сакраманце. Наш духоўны айцец заахвоціў усіх не баяцца адказаць перш за ўсё сабе і Пану Езусу, а пасля – і ўсёй супольнасці на пытанне, над якім мы разважалі праз увесь дзень.

Як аказалася, зрабіць гэта было не так лёгка, як мы думалі. Але Дух Святы дзейнічае ўсюды, дзе Яго чакаюць, таму некаторыя ўсё ж адважыліся на шчырую размову перад усімі.

gr nav szliach 4

Атрымаўшы Божае благаслаўленне, хтосьці пайшоў дадому на начлег, а камусьці трэба было ісці на працэдуры да нашага лекара, каб заўтра мець сілы на новы дзень.

gr nav szliach 5

Вікторыя Чачотка