Skip to main content

Адбылася пешая пілігрымка Гродна-Навумавічы: “Каб сведчанне іх не было забытае!”

navumaviczy pil 2914 ліпеня адбылася ІV пешая пілігрымка з Гродна на месца спачыну ахвяр Другой сусветнай вайны ў лесе каля Навумавічаў, дзе знаходзіцца масавае пахаванне людзей, расстраляных падчас Другой сусветнай вайны, жыхароў Гродна і Ліпска.

Між іншым, там была расстраляна і бл. Мар’яна Бярнацкая. Сёлета прыпала 75-я гадавіна гэтай страшнай трагедыі.

У гэтым годзе пілігрымка, якая вырушыла з гродзенскай святыні Маці Божай Анёльскай, праходзіла пад дэвізам “Каб сведчанне іх не было забытае!”.

У пілігрымку вырушыла больш за 100 чалавек, нягледзячы на тое, што надвор’е сёлета было вельмі зменлівым, у сувязі з чым дарога была складанай. Гэтая пілігрымка вылучаецца характарам пакаяння. Яна працягваецца менш за дзень. Падчас яе ўдзельнікі разважаюць над гераічнымі ўчынкамі мучанікаў, якія пралілі сваю кроў на нашай зямлі.

Адчуць прысутнасць Бога

Падчас пілігрымкі, як адзначаюць удзельнікі, асаблівым чынам можна адчуць Божую прысутнасць. “Тут сапраўды адчувалася прысутнасць Бога з вялікай сілай. Разважанні падчас Ружанца і “Дарогі святла” былі вельмі глыбокімі і кранулі сэрца, прымусілі задумацца і пераасэнсаваць многія свае ўчынкі”, – кажа Вераніка Альшаўскайце.

navumaviczy pil 6

Вераніка дадае, што ёй даўно не хапала атмасферы пілігрымкі, якая спрыяе ўзрастанню духоўнага жыцця і з’яўляецца адпаведным часам на размову з Богам, якога важна чуць, бо Ён адкажа на ўсе хвалюючыя пытанні.

Кожны пілігрым ішоў у гэтае асаблівае на карце нашай краіны месца, палітае крывёю многіх мучанікаў, з канкрэтнай інтэнцыяй у сэрцы. Па дарозе пілігрымы падбіралі камяні, якія неслі да месца гібелі бл. Мар’яны і іншых мучанікаў, а таксама збіралі палявыя кветкі і любаваліся ў час шляху прыгажосцю прыроды.

У дарозе былі песні, малітвы і сведчанні людзей аб іх праблемах і крызісах у сямейным жыцці, “Дарога святла” з разважаннямі пра веру ва Уваскрослага Езуса і Яго прысутнасць з намі сёння.

Стас Дзянісаў, які бярэ ўдзел у гэтай пілігрымцы другі раз запар, адзначае, што зноў атрымаў ад яе шмат добрых уражанняў.

“У дарозе я думаў пра тое, як радуюцца мучанікі ў небе, калі бачаць, што іх памятаюць і любяць у наш час, і як яны просяць Бога аб нашым дабрабыце. У канцы дня я зразумеў, што пілігрымка прайшла вельмі хутка і я не паспеў добра стаміцца нават з “ношай” у выглядзе камянёў і кветак, якія мы неслі з сабой”, – дадае Стас, выказваючы спадзяванне, што за гэтую добрую справу Бог дапаможа ўсім добрым людзям стаць яшчэ больш шчаслівымі.

Напоўніцца любоўю

Пілігрымка пакінула ў сэрцах удзельнікаў шмат слядоў, хоць працягвалася так нядоўга. Яна прынесла радасць, супакой, упэўненасць, адвагу, жаданне служыць іншым, а найперш любоў, для якой кожнага чалавека стварыў Бог, – любоў, якой трэба ўмела дзяліцца з іншымі.

navumaviczy pil 30

“Гэтая пілігрымка пакінула ўва мне шмат радасці, магчымасць адчуць любоў і клопат Бога ў жыцці іншых людзей! І праз прыклад ахвяры бл. Мар’яны Бог паказаў усім важнасць любові не толькі да Яго, але і да іншага чалавека”, – кажа Ганна Таўрэль.

Для некаторых пілігрымаў гэты час быў нагодай паставіць сабе шмат пытанняў. На некаторыя яны знайшлі адказы падчас дарогі, на іншыя яшчэ шукаюць.

“Больш за ўсё ў гэтай пілігрымцы я думала над тым, ці давяраю па-сапраўднаму Пану Богу, ці магу сказаць Яму: “Хай будзе Твая воля””, – прызнаецца Вераніка Загорская. Дзяўчына дадае, што вярнулася дадому са спакоем на душы, нягледзячы на стомленасць і боль у нагаха.

“Спадзяюся, што добры Бог праз заступніцтва бл. Мар’яны Бярнацкай выслухае маю інтэнцыю, якую я несла ў сваім сэрцы”, – кажа Вераніка.

Дасягнуўшы Навумавіцкага лесу, пілігрымы доўга стаялі ў маўчанні, углядаючыся ў крыж, які ўздымаецца на гары. Яны дзякавалі Богу за гэты час і за сведчанне веры столькіх мучанікаў, якія сёння просць і аб нашай адвазе.

Kс. Юрый Марціновіч

Фота: Вольга Сяліцкая