Skip to main content

Паведамленне біскупа Аляксандра Кашкевіча ў сувязі з надыходзячай 75-ай гадавінай смерці бл. сясцёр-мучаніц з Навагрудка

muczanicy pawedamlenneУмілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры, дарагія дыяцэзіяне!

У бягучым годзе наш Касцёл на Гродзеншчыне перажывае 75-годдзе нараджэння да вечнасці благаслаўлёных сясцёр назарэтанак, Марыі Стэлы і яе 10 паплечніц, якія былі расстраляны гітлераўцамі 1 жніўня 1943 г. у лесе недалёка ад Навагрудка.

Мучаніцкая смерць сясцёр назарэтанак – штосьці большае, чым толькі адзін з многіх крывавых эпізодаў насілля, нянавісці і жорсткасці, якія спазналі жыхары нашых земляў у час Другой сусветнай вайны. Бо с. Марыя Стэла і яе паплечніцы аддалі сваё жыццё дабравольна, як выраз гераічнай любові да Бога і бліжняга.

Калі ў ліпені 1943 г. гестапа арыштавала з намерам расстрэлу 120 жыхароў Навагрудка і ваколіц – у асноўным бацькаў сем’яў, – сёстры на малітве ахвяравалі сваё жыццё Пану Богу, выражаючы гатоўнасць памерці замест закладнікаў. Праз некалькі дзён смяротнае пакаранне было заменена для арыштаваных вывазам на прымусовыя працы ў Германію, дзе ўсе яны выжылі і пасля заканчэння вайны вярнуліся ў свае сем’і.

У другі раз сёстры ахвяравалі сваё жыццё за ўратаванне капелана кс. Аляксандра Зянкевіча, якому пагражалі арышт і смерць. Сёстры згадзіліся ў меркаванні, што як адзіны святар у наваколлі ён быў больш патрэбны Касцёлу і людзям, таму прасілі Пана Бога, каб – калі ахвяра неабходная – яны маглі памерці замест святара. І на гэты раз малітва сясцёр была выслухана: капелан пазбег арышту і перажыў вайну.

Сёстры назарэтанкі, склаўшы ў ахвяру сваё зямное жыццё, атрымалі цудоўную ўзнагароду хвалы мучаніцтва і злучыліся назаўсёды з Хрыстом Панам у нябеснай Айчыне.

„Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх” (Ян 15, 13), – казаў Пан Езус сваім вучням падчас Апошняй Вячэры. Благаслаўлёныя сёстры-мучаніцы з Навагрудка пакінулі нам прыгожае сведчанне менавіта такой гераічнай, бязмежнай любові, якая вынікае з вернасці Хрысту і Яго навуцы.

Мы ўдзячныя Божаму Провіду за дар сясцёр-мучаніц для нашага Касцёла на Гродзеншчыне, які для нас з’яўляецца не толькі недасягальным узорам наследвання, але і падтрымлівае нас сваім заступніцтвам перад Божым тронам. Выразам нашай удзячнасці будуць урачыстыя святкаванні прыпадаючага ў гэтым годзе 75-годдзя смерці благаслаўлёных назарэтанак, якія адбудуцца 28 і 29 ліпеня ў Навагрудку.

Юбілейныя ўрачыстасці пачнуцца ў суботу 28 ліпеня св. Імшой, якая адбудзецца ў 18.00 у Батароўскім лесе каля Навагрудка, на месцы мучаніцтва сясцёр. З 22.00 да 4.00 у фарным касцёле ў Навагрудку будзе працягвацца начное чуванне, якое завяршыцца св. Імшой у нядзелю 29 ліпеня ў 4.30, і якую ўзначаліць біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. Цэнтральным момантам урачыстасці будзе св. Імша ў фарным касцёле ў Навагрудку 29 ліпеня ў 10.00, якую ўзначаліць арцыбіскуп Габар Пінтэр, Апостальскі Нунцый у Беларусі.

Запрашаю вас усіх, дарагія дыяцэзіяне, прыняць удзел у гэтай узнёслай падзеі праз пілігрымку або прыбыццё на начное чуванне і ўрачыстую святую Імшу падзякі. Тых з вас, хто з розных прычын не зможа асабіста ўдзельнічаць у юбілейных святкаваннях, прашу аб духоўнай лучнасці ў малітве і падзяцы Пану Богу за дар благаслаўлёных сясцёр-мучаніц з Навагрудка для нашага Касцёла на Гродзеншчыне. Праз іх заступніцтва будзем прасіць Пана аб ласцы глыбокай, моцнай веры, адвагі, сапраўднай любові да Бога і бліжняга для нас саміх, нашых сем’яў, супольнасцяў, да якіх належым. Будзем маліцца таксама за народы, якія перажываюць вайну і тэрарыстычныя замахі, за краіны, якія раздзіраюць унутраныя канфлікты, каб насілле і нянавісць саступілі месца паяднанню і прабачэнню, а праціўнікі знайшлі ў сабе мудрасць і адвагу мірнага вырашэння ўсялякіх спрэчак.

Прашу вас таксама аб малітве аб хуткай беатыфікацыі сястры Малгажаты Банась – дванаццатай назарэтанкі з Навагрудка, якая пазбегла мучаніцкай смерці разам з паплечніцамі. Хоць ёй не было дадзена спазнаць ласку мучаніцтва, яна пакінула пасля сябе прыгожае сведчанне святасці жыцця, вялікага самапрысвячэння, з якім служыла Богу і бліжнім, дасканалай вернасці ўласнаму манаскаму пакліканню. Няхай, узнесеная да хвалы алтара, яна падтрымлівае сваім заступніцтвам Кангрэгацыю Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта, у якой верна служыла Пану Богу ўсё сваё жыццё, і няхай просіць патрэбныя ласкі для ўсіх, хто будзе да яе звяртацца ў даверлівых малітвах.

На глыбокае і багатае духоўнымі плёнамі святкаванне 75-годдзя смерці благаслаўлёных сясцёр-мучаніц з Навагрудка ўсіх вас, дарагія дыяцэзіяне, з сэрца благаслаўляю.

Aляксандр Кашкевіч

Біскуп Гродзенскі

Гродна, 13.07.2018

№ 331/18

Прашу  шаноўных пробашчаў і адміністратараў  аб прачытанні  паведамлення  22.07.2018 г. падчас кожнай св. Імшы  падчас парафіяльных аб’яваў або замест нядзельнага казання

Паведамленне на польскай мове па спасылцы