11 ліпеня ў парафіі Св. Мікалая, біскупа, у Геранёнах (Іўеўскі дэканат) вернікі парафіі атрымалі сакрамэнт канфірмацыі. У гэты дзень дарамі Духа Святога было ўзбагачана 30 чалавек.
Урачыстую літургію цэлебраваў пастыр Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Аляксандр Кашкевіч.
На пачатку святой Імшы бацькі і моладзь прывіталі біскупа і выказалі просьбу аб удзяленні сакрамэнту хрысціянскай сталасці. Пробашч парафіі кс. Дзмітрый Несцер адзначыў, што ўсе кандыдаты добра падрыхтаваныя і могуць прыняць гэты сакрамэнт.
Адметнасцю сёлетняй падрыхтоўкі да канфірмацыі стала адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, калі моладзь малілася аб дарах Духа Святога.
Гамілію да ўсіх сабраных прамовіў ксёндз Юрый Марціновіч, адказны за сродкі масавай інфармацыі Гродзенскай дыяцэзіі. Кажучы пра св. Бэнэдыкта, абата, якога Касцёл успамінае ў гэты дзень, святар адзначыў, што праз працу і малітву трэба накіроўвацца да дасканалага жыцця.
“Няхай наша штодзённая праца і малітва найперш змяняе нас саміх, а потым – увесь свет і кожнага чалавека, якога Божы Провід паставіць побач з намі”, – дадаў кс. Юрый Марціновіч.
Кандыдаты, вызнаўшы веру ў адзінага Бога, з адкрытым на дзейнасць Святога Духа сэрцам прынялі праз рукі біскупа сакрамэнт канфірмацыі.
Напрыканцы Эўхарыстыі біскуп заклікаў моладзь словамі Папы Францішка да таго, каб “не быць людзьмі канапы, а, як пілігрымы, ісці заўсёды наперад”. Іерарх прасіў, каб атрыманыя дары Духа Святога былі добра выкарыстаны маладымі людзьмі, каб свет у іх штодзённм жыцці бачыў найперш людзей Касцёла і Бога.
З канкрэтнай пастановай штодзённа служыць Пану пакідала моладзь святыню. “Я ўдзячна Богу за магчымасць атрымання дароў Духа Святога! Я буду старацца як мага больш часу аддаваць Богу. Цяпер у мяне ёсць дзве святыя заступніцы. Гэта цудоўна – ведаць, што ў цябе за спіной святыя, які табе ва ўсім дапамагаюць”, – падзялілася пасля літургіі Караліна Шлемпа.
Няхай будзе падзяка Богу за тых маладых людзей, якія хочуць кожны дзень узрастаць у Яго ласцы!
Анастасія Мішкура