Skip to main content

Урачыстасць Звеставання Пана

25 сакавіка а 12 гадзіне ў рэктаральным касцёле Звеставання НПМ у Гродне (Пабрыгіцкім) кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч адправіў адпустовую св. Імшу ў патранальнае свята. Канцэлебравалі св. Імшу кс. Антоні Грэмза, рэктар касцёла, кс. Антоні Ханька, пробашч пабернардзінскай парафіі, і іншыя святары. У святыні было многа вернікаў, у тым ліку ордэнскія сёстры і алюмны Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі.
З гаміліяй да прысутных звярнуўся кс. Аляксандр Пятровіч. Казнадзей звярнуў асаблівую ўвагу на постаць Марыі, Маці Езуса, якая стала сапраўдным прыкладам для ўсіх людзей. Ад самага пачатку, ад хвіліны звеставання, мы бачым у ёй шмат цнот. Яна сталая і паслухмяная. Хоча далікатна ахапіць Бога сваім целам, прыняць Божага Сына пад сэрца. Яна слуга, які пільна чувае каля дзвярэй, каб ушанаваць свайго Пана. Кс. Аляксандр заахвоціў усіх ісці за Божай Маці, таму што яна прыняла нас як сваіх дзяцей.
Напрыканцы ўрачыстаці адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакрамэнту і была прачытана Літанія да Найсвяцейшай Марыі Панны.