21 мая ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі i св. Юзафа Рамесніка ў Скідзелі (дэканат Гродна-Усход) за 30 гадоў святарскага служэння дзякаваў пробашч гэтай парафіі кс. канонік Цэзарый Міх.
Святар служыць у Гродзенскай дыяцэзіі 27 гадоў – з пачатку яе заснавання, з іх 19 гадоў – у Скідзелі.
На святкаванне прыбылі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, прадстаўнікі катэдральнага капітула, святары, прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу і дзяржаўнай улады. Прысутнічалі таксама маці і брат кс. Цэзарыя Міха.
Імшу падзякі ўзначаліў біскуп Аляксандр Кашкевіч. У гаміліі іерарх заўважыў, што юбілей святарства – не прыватная ўрачыстасць юбіляра, а свята Касцёла, якому святар служыць, рэалізуючы сваё пакліканне.
“Кожны юбілей – цудоўная нагода, каб зірнуць на пройдзены да гэтага часу шлях, каб вярнуцца – думкамі і сэрцам – да пачаткаў, да крыніц, да каранёў, з якіх наша святарства вырастае і чэрпае жыццядайныя сокі”, – адзначыў гродзенскі ардынарый.
Па словах біскупа, пасля 27 гадоў душпастырскага служэння на Гродзеншчыне – спачатку ў Прывалках і Пераломе, а пасля ў Скідзелі, – кс. Цэзарый Міх мае права сказаць, што ўнёс свой немалы ўклад у справу адраджэння Касцёла на нашых землях.
“У дзень юбілею твайго прэзбітэрскага пасвячэння ад імя ўсёй супольнасці нашага Касцёла на Гродзеншчыне дзякуем Пану Богу і табе, дарагі юбіляр, за тваё “так”, якое кажаш Хрысту Пану сваім штодзённым ахвярным служэннем”, – дадаў іерарх.
Біскуп пажадаў, каб дар святарства быў для кс. Цэзарыя Міха заўсёды крыніцай глыбокай унутранай радасці, а кожны дзень – нагодай да пакорнай і радаснай падзякі Богу за дар паклікання і ласку ўдзелу ў Хрыстовым святарстве.
На заканчэнне літургіі віншаванні свайму пробашчу выказалі дзеці і дарослыя, дэкан катэдральнага капітула Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Казіміра кс. канонік Генрык Яблонскі і іншыя.
Ксёндз Цэзарый Міх падзякаваў усім, хто паспрыяў, што 30 гадоў таму ён стаў святаром. Ён падзякаваў сваім бацькам, асабліва прысутнай на святкаванні маці. “Пан Бог даў мне ласку паклікання да святарства, а бацькі выхоўвалі мяне, нягледзячы на тое, што самі жылі ў нялёгкія часы”, – сказаў юбіляр, дадаўшы, што бацька і маці будавалі яго веру і пакліканне.
Святар падзякаваў усім за ўдзел ва ўрачыстасці і за спадарожнічанне на шляху яго жыцця.
Kсёндз канонік Цэзарый Міх нарадзіўся 27 кастрычніка 1961 г. Паходзіць з Белай Падляскі (Польшча). Закончыў Папскі тэалагічны факультэт у Вроцлаве.
Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў 21 мая 1988 г. з рук кардынала Генрыха Гульбіновіча. Наступныя тры гады служыў у Польшчы.
У 1991 г. прыбыў у Гродзенскую дыяцэзію. У 1991–1996 гг. дапамагаў у душпастырскай працы пробашчу парафіі ў Прывалках. З 1999 г. з’яўляецца пробашчам парафіі ў Скідзелі. Займаўся там будаўніцтвам касцёла. Святыня была кансэкравана ў 2004 г. пад тытулам св. Юзафа рамесніка.
З 1993 г. – натарыус касцёльнага суду ў Гродне, у 2001–2005 гг. – віцэ-афіцыял, з 2005 г. – афіцыял.
Kс. Юрый Марціновіч
Фота: Гражына Барташэвіч