17 мая дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі здзейсніў кананічную візітацыю парафіі Св. Міхала Арханёла ў Поразаве.
Іерарх наведаў у гэты дзень пяць капліц, якія знаходзяцца на тэрыторыі парафіі, а на заканчэнне візітацыі цэлебраваў святую Імшу ў парафіяльным касцёле.
У Навасёлках, Студзенніках, Шурычах, Бабраўніках, Варабейках, дзе размешчаны капліцы, вернікі з вялікай радасцю і ўзрушанасцю віталі біскупа хлебам і соллю.
У кожнай капліцы адбылося маёвае набажэнства, падчас якога маліліся асаблівым чынам за ўсе пакаленні вернікаў, якія належаць да парафіяльнай супольнасці. Малітвай агарнулі таксама ўсіх памерлых, просячы аб радасці вечнага жыцця для іх.
Падчас усіх сустрэч з парафіянамі біскуп Станеўскі дзякаваў за іх прыгожае сведчанне прыналежнасці да Хрыстовага Касцёла і прасіў ніколі не стамляцца ў гэтай пілігрымцы веры па зямлі, згодна са словамі “хто вытрывае да канца, той будзе збаўлены” (Mц 24, 13).
У размовах з іерархам вернікі дзяліліся, што ганарацца тым, што пражываюць на тэрыторыі Белавежскай пушчы. Лес дае ім шмат вітамінаў, а прыгажосць прыроды спрыяе таксама духоўнаму ўзрастанню.
У парафіяльнай святыні ў Поразаве на заканчэнне візітацыі біскуп падчас святой Імшы ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі групе моладзі. Іерарх прасіў маладых людзей, каб, перш чым яны вырушаць у свет навукі і дарослага жыцця, не адыходзілі туды без моцы з вышыняў. Біскуп падкрэсліў, што гэтая Божая моц дасць ім патрэбную адвагу ў вызнаванні веры, дзяленні ёю і, калі з’явіцца такая неабходнасць, яе абароне.
Іерарх падзякаваў пробашчу парафіі кс. Юрыю Канапельку за штодзённае служэнне сваім вернікам, якое ён здзяйсняе з вялікай адданасцю. Іерарх пажадаў, каб у поразаўскай парафіі ўзрастала Божая хвала і Бог праслаўляўся праз штодзённыя словы і ўчынкі людзей.
У маі адбываецца кананічная візітацыя Ваўкавыскага дэканату. Біскупы ў гэты час наведваюць усе парафіі гэтага дэканату, сустракаюцца з вернікамі, каб даведацца пра іх радасці і смуткі.
Візітацыя біскупа з’яўляецца апостальскай дзейнасцю, своеасаблівым знакам ласкі і дзеяння Духа Святога. Першыя візітацыі здзяйсняліся апосталамі, якія наведвалі хрысціянскія супольнасці.
Кс. Юрый Марціновіч