3 мая святары і сёстры законныя Гродзенскай дыяцэзіі сабраліся ў Гродне на сваім традыцыйным дні духоўных сустрэч. Удзельнікі выслухалі канферэнцыі, трывалі на адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і мелі магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння і паяднання.
Сустрэча завяршылася святой Імшой у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Духоўныя асобы і свецкія вернікі асаблівым чынам маліліся за свайго ардынарыя, які ў гэты дзень адзначаў імяніны.
У гаміліі біскуп Кашкевіч разважаў аб Найсвяцейшай Панне Марыі. Іерарх звярнуў увагу асаблівае і выключнае вымярэнне служэння, упісанае ў Яе жыццё – жыццё першай і самай дасканалай вучаніцы Сына Божага. “Служэнне Марыі Богу і Хрысту становіцца служэннем людзям”, – дадаў біскуп.
Па словах іерарха, Марыя заўсёды думае пра людзей, якім як Багародзіца дала Збаўцу, будзе прасіць Нябеснага Айца, каб прывёў кожнага са сваіх дзяцей да радасці вечнага жыцця.
“Мы пастаянна адчуваем гэтую мацярынскую апеку Марыі над намі. Калі молімся, Яна, як праўдзівая Маці, моліцца за нас і з намі”, – сказаў гродзенскі ардынарый, падкрэсліўшы, што, цешачыся паўнатой збаўлення і радасці неба, Марыя заступаецца перад Богам за нас, якія пілігрымуюць да нябеснай айчыны і так моцна адчуваюць розныя цяжкасці, небяспекі і пагрозы на шляху да вечнасці.
Біскуп заклікаў дзякаваць Панне Марыі за Яе матчыну апеку і прасіць, каб нашы сем’і, супольнасці, усё грамадства, а найперш нашы сэрцы, былі Яе сапраўдным валадарствам.
“Будзем наследаваць Марыю, трываючы верна з Хрыстом, перамагаючы цемру зла і граху, будуючы цывілізацыю праўды і любові”, – дадаў іерарх.
На заканчэнне Імшы ад імя святароў віншаванні біскупу Аляксандру Кашкевічу выказаў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, а таксама дзецi, прадстаўнікі кансэкраваных асобаў, Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне і катэхетычных курсаў пры Аддзеле каталіцкага навучання і выхавання Гродзенскай курыі.
Біскуп Кашкевіч падзякаваў усім за дар супольнай малітвы і за добрыя словы, адрасаваныя яму. Іерарх прасіў прысутных, каб не стамляліся ў гэтай малітве, бо кожны чалавек мае патрэбу ў малітоўнай падтрымцы, каб рэалізаваць заданне, даручанае яму Богам.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Андрэй Юхнік, семінарыст