Skip to main content

У Непакалянаве адбылося пахаванне а. Інацэнта Шумоўскага

pahavanne 610 красавіка ў Непакалянаве (Польшча) адбылося пахаванне а. Інацэнта Вінцэнта Шумоўскага OFMConv, які шмат гадоў служыў пробашчам і душпастырам парафіі Маці Божай Анёльскай у Гродне.

У манаскім ордэне ён правёў 61 год, у святарстве 52 гады, памёр ва ўзросце 80 гадоў.

У пахавальных урачыстасцях прынялі ўдзел прадстаўнікі закону Братоў Меншых Канвентуальных (францішкане), сёстры законня з Кангрэгацыі Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта і вернікі з Гродна.

Святую Імшу ў непакалянаўскай базіліцы Беззаганнай Пасрэдніцы Ласкаў узначаліў дапаможны біскуп Варшаўскай архідыяцэзіі Пётр Ярэцкі, гамілію прамовіў а. Юзаф Макарчык OFMConv, які распавёў у ёй пра нялёгкае жыццё спачылага святара.

pahavanne 1

Айцец Інацэнт Вінцэнт Шумоўскі нарадзіўся 5 мая 1937 г. у Бжозуве ў тагачасным Беластоцкім павеце. Паходзіў са шматдзетнай сялянскай сям’і Юзафа і Зоф’і, меў трох братоў і двух сясцёр.

Адразу пасля вайны пачаў вучобу ў базавай школе ў Бжозуве, скончыў сем класаў. З-за недахопу матэрыяльных сродкаў у сям’і адчуваў абавязак хутчэй пачаць працаваць і вучыцца толькі ў вячэрняй школе. Аднак вайсковая служба старэйшых братоў і хвароба бацькі змусілі яго праз год пакінуць школу і вярнуцца дадому, каб дапамагчы сям’і. Пасля двухгадовага перапынку ён зноў пачаў працу і вучобу ў Беластоку, скончыў дзевяць класаў. У гэты час пакінуў пра сябе ўражанне як пра “добрага, сумленнага, прыкладнага і сур’ёзнага маладога чалавека”, які прымаў актыўны ўдзел у жыцці парафіі.

З маладых гадоў будучы святар адчуваў пакліканне прысвячэння сябе Богу. Пасля сустрэчы падчас рэкалекцый з першым у сваім жыцці манахам з Закону айцоў капуцынаў і думаючы, што гэта “самы суровы закон”, ён у жніўні 1955 г. пастукаў у брамы капуцынскага навіцыяту ў Новым Месцы над Піліцай. Аднак праз восем месяцаў, у маі 1956 г., верагодна пад уплывам размовы са сваім дзядзькам а. Апалоніюшам, францішканінам з Познані, ён пакінуў навіцыят з жаданнем перайсці да францішканаў.

Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў у Кракаве 25 чэрвеня 1965 г. Пасля служыў у многіх месцах у Польшчы і займаў важныя пасады.

У 1991 г. прыехаў у Беларусь. Тут служыў да 2011 г., найперш як пробашч парафіі Маці Божай Анёльскай у Гродне і як дэлегат Правінцыяла ў Беларусі (1991-2000), a з 1993 да 2000 г. – як гвардыян гродзенскага кляштара. Нягледзячы на вызваленне ад абавязкаў настаяцеля, а. Інацэнт заставаўся ў Гродне да 2011 г., спаўняючы функцыі вікарыя кляштара, спаведніка сясцёр законных і выконваючы шматлікія душпастырскія абавязкі ў парафіі.

Апошняй зямной пляцоўкай яго дзейнасці быў кляштар, “дзе ўсё пачалося”, – Непакалянаў.

Айцец Інацэнт падчас складання вечных манаскіх абяцанняў жадаў “пры Божай дапамозе вытрываць у Законе да канца жыцця”. Тым самым ён споўніў свой першасны намер – верна трываць усё жыццё з дапамогай Маці Беззаганнай.

Спачылы святар застанецца ў памяці вернікаў і духавенства гродзенскай зямлі як ахвярны і руплівы душпастыр, які актыўна ўдзельнічаў у працы на карысць дыяцэзіі з моманту яе заснавання.

Kс. Юрый Марціновіч