9 красавіка ў парафіі Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі ў Перстуні адбылася адпустовая ўрачыстасць. На малітве сабраліся шматлікія вернікі, што прыбылі падзякаваць Пану Богу за дар сваёй святыні, якая ў апошні час была грунтоўна адрамантавана ўнутры.
Урачыстую святую Імшу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, які на пачатку асвяціў адноўлены касцёл.
Асаблівым чынам маліліся за тых, хто паспрыяў аднаўленню святыні і падтрымліваў гэтую Божую справу малітвай, духоўнымі і матэрыяльнымі ахвярамі, добай радай, а таксама ўласнай працай. Маліліся і за ўсіх будаўнікоў касцёла.
Падчас Эўхарыстыі дзякавалі за папярэднія пакаленні вернікаў, якія не толькі перадалі дар веры наступным пакаленням, але і навучылі веры і любові да Бога, выхоўваючы сваіх дзяцей і ўнукаў у духу сапраўдных хрысціянскіх каштоўнасцяў. Маліліся таксама за ўсё грамадства, каб яно шанавала дар жыцця і аберагала яго годнасць.
У гаміліі біскуп Кашкевіч адзначыў, што ўрачыстасць Звеставання Пана ў гэтым годзе адзначаецца ў радасны Велікодны перыяд. Кажучы пра таямніцу ўцелаўлення Сына Божага, іерарх заўважыў, што разам з гэтай падзеяй пачалася новая эпоха ў гісторыі збаўлення.
“На гарызонце гісторыі чалавецтва ўзышла ранішняя зорка, якая звеставала набліжэнне світання, калі цемра зла, граху, безнадзейнасці і смерці будзе пераможана сонцам справядлівасці, любові і міласэрнасці”, – сказаў біскуп.
Кажучы пра звеставанне, гродзенскі ардынарый дадаў, што разам з прыняццем Божай волі Панна Марыя першай з людзей даведалася аб тым, што Бог пасяліўся на зямлі ў чалавечай постаці: найперш пад Яе сэрцам, як зачатае дзіця, а потым у Бэтлееме, дзе для Марыі надыйдзе хвіліна народзінаў, і зямля ўбачыць свайго нованароджанага Збаўцу.
Па словах біскупа, Бог учыніў вялікія рэчы для Марыі і надалей можа ўчыніць усё, нават тое, што людзям здаецца немагчымым і перавышае пазнавальныя здольнасці чалавечага розуму.
“Ён робіць гэта па адной прычыне: бо нас любіць і жадае нашага збаўлення”, – патлумачыў іерарх, падкрэсліваючы, што няма для чалавека большай радасці, чым усведамляць, што яго любяць, а тым больш, калі любіць сам Бог. “Мы любімыя Богам, які прынізіў самога сябе, стаўшы адным з нас”, – сказаў біскуп.
На заканчэнне іерарх падзякаваў за працу ўнутранага рамонту святыні, якая сёння радуе сэрца і вочы, а гэта стала магчымым дзякуючы ўсёй парафіяльнай супольнасці, якая адважна прыняла на сябе такую складаную ў сённяшнія часы задачу.
Урачыстасць завяршылася эўхарыстычнай працэсіяй і сустрэчай біскупа з парафіяльнай радай.
Kс. Юрый Марціновіч