29 сакавіка, у Вялікі чацвер, у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбылася Імша Хрызма, якая з’яўляецца выразам еднасці і супольнасці духавенства дыяцэзіі.
На Імшу ў катэдру – “маці” касцёлаў Гродзенскай дыяцэзіі – прыбылі, каб супольна дзякаваць Езусу Хрысту за вялікі і цудоўны дар святарства, які Ён на Апошняй Вячэры даў свайму Касцёлу, дыяцэзіяльныя і законныя святары, якія нясуць служэнне ў розных парафіяльных супольнасцях Гродзеншчыны.
Усе сабраліся вакол цэнтральнага алтара дыяцэзіі, каб разам са сваім ардынарыем біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам i дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі Юзафам Станеўскім дзякаваць за дар святарства.
Святарства павінна быць служэннем
Агарнуць малітвай святароў i выказаць ім падзяку за штодзённае, так патрэбнае свету служэнне ў катэдральны касцёл прыбыло шмат вернікаў, якія дзякавалі Богу за сваіх душпастыраў, з чыёй дапамогай могуць карыстацца з сакрамэнтальнага жыцця Касцёла.
Імшу ўзначаліў біскуп Аляксандр Кашкевіч. У гаміліі гродзенскі ардынарый нагадаў, што Вялікі чацвер з’яўляецца для кожнага святара днём асаблівым – каб “яшчэ раз зірнуць на гісторыю ўласнага жыцця і паклікання, засяродзіцца над нашай святарскай ідэнтычнасцю, прыгадаць тую праўду, што ў служэнні святара адзіным узорам для наследавання, пунктам аднясення і правадніком з’яўляецца Езус Хрыстус, Найвышэйшы Святар і Добры Пастыр”.
Іерарх адзначыў, што нельга разумець святарства як прывілей, адрозненне ці ўзнагароду за добрыя ўчынкі, але што да святарства абірае і кліча Бог і здзяйсняе гэты выбар з любові, у клопаце аб збаўленні.
“Гледзячы з верай на сакрамэнт святарства, трэба прызнаць, што гэта не з’яўляецца ні прафесіяй, ні ладам жыцця”, – падкрэсліў біскуп.
Іерарх дадаў, што ласка сакрамэнту святарства ўчыняе, што кожны пакліканы, нягледзячы на ўласныя слабасці, недасканаласці і абмежаванні, асаблівым чынам становіцца слугой Хрыста Уваскрослага, прыладай у Яго руках у справе збаўлення свету.
Па словах біскупа Аляксандра Кашкевіча, у сённяшнім свеце паняцце служэння не карыстаецца асаблівай папулярнасцю. “Сучасны чалавек бачыць ідэал жыцця ў дасягненні поспехаў, у навязванні іншым сваёй волі, у рэалізацыі ўласных вялікіх амбіцый і ў дасягненні эгаістычных мэтаў”, – заўважыў іерарх, тлумачачы, што ў той жа час Божае слова паказвае нам ідэал жыцця ў верным і пакорным служэнні Богу і бліжняму.
Святар павінен дасягнуць усіх
Прысутным святарам гродзенскім ардынарый нагадаў, што іх задача як душпастыраў у супольнасці Касцёла – несці людзям Добрую Навіну аб збаўленні, каб яе пасланне дасягнула параненых чалавечых сэрцаў, гаіла іх боль, улівала ў іх радасць, мір, любоў, міласэрнасць і прабачэнне.
“Нашым асабістым сведчаннем, стылем здзяйснення святых сакрамэнтаў, дабрынёй, лагоднасцю і чуласцю да іншага чалавека мы павінны спрыяць таму, каб кожны вернік – спрацаваны, змучаны шэрай штодзённасцю, засмучаны і заклапочаны, – сустракаючыся з намі, адчуваў, што атрымаў сапраўды Добрую Навіну”, – падкрэсліў іерарх.
У гэты выключны для кожнага святара дзень біскуп падзякаваў усім святарам, якія служаць у Гродзенскай дыяцэзіі, за працу пастырскага служэння, за абвяшчэнне Божага слова і ўдзяленне святых сакрамэнтаў, за катэхізацыю дзяцей і моладзі, за клопат аб пажылых, хворых і церпячых, за будаўніцтва і рамонты касцёлаў і найперш за сведчанне святарскага жыцця.
“Кожны з вас уносіць свой уклад у “сёння” і “заўтра” нашага Касцёла на Гродзеншчыне”, – дадаў біскуп Аляксандр Кашкевіч.
Шматлікім прысутным у катэдры вернікам, якія прыбылі з розных месцаў дыяцэзіі, іерарх выказаў падзяку за разнастайную дапамогу, якую аказваюць святарам у парафіях, за павагу, дабрыню і разуменне, якімі іх адорваюць.
Падчас Імшы духавенства аднавіла святарскія абяцанні, просячы ў Бога трываласці нa далейшыя гады служэння і моцы духу ў рэалізацыі заданняў, якія ставіць Хрыстос.
Аднаўляючы свае абяцанні, святары выказалі жаданне гатоўнасці да больш цеснага з’яднання з Хрыстом і жаданне знайсці першасную руплівасць сваіх душпастырскіх сэрцаў.
Таксама былі асвечаны алей хворых, алей катэхуменаў і кансэкраваны алей хрызма, якія будуць неабходныя для ўдзялення сакрамэнтаў.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота Вольгі Сяліцкай