Вялікі чацвер - асаблівы час для ўсіх святароў. Менавіта ў гэты дзень была ўстаноўлена Эўхарыстыя і сакрамант святарства. Гэтыя два сакраманты моцна звязаны паміж сабой. Эўхарыстыя неабходна нам, каб ісці да святасці, а для здзяйснення Эўхарыстыі патрэбныя святары.
Ксёндз - вельмі важная асоба ў жыцці хрысціяніна. І часта ў нашых вачах святар не мае права на памылку: ён заўсёды павінен усміхацца, рэагаваць на кожную просьбу, дапамагаць патрабуючым і г. д. Але ён таксама чалавек з уласнымі слабасцямі. І як усе Божыя дзеці заслугоўвае, каб яго шанавалі не за "якасць" паслугі, а проста за прысутнасць. За тое, што знайшоў у сабе адвагу адказаць "так" на Божае пакліканне.
Шчыра дзякуем, дарагія святары, за тое, што вы побач з намі. І просім прабачэння, што часта патрабуем ад вас таго, чаго самі не выконваем.
З нагоды дня святара складаем вам самыя сардэчныя віншаванні! Жадаем шмат Божых ласкаў, шчодрых дароў Святога Духа, людской дабрыні, поспехаў і шмат радасці. Няхай міласэрны Бог благаслаўляе кожны дзень вашай святарскай паслугі!
Ад імя супрацоўнікаў СМІ Гродзенскай дыяцэзіі