З 18 па 21 лютага ў парафіі Св. Міхала Арханёла ў Навагрудку адбылося абнаўленне святых місій – дні духоўнага абнаўлення вернікаў, што ўключаюць удзел у сумесных малітвах, слуханне Божага слова і казанні місіянераў.
“Мэтай місій з’яўляецца набліжэнне чалавека да Хрыста праз больш глыбокае пакаянне і ўзаемную малітву, – адзначыў пробашч навагрудскай парафіі кс. Юрый Жэгарын. – Святыя місіі, або сямідзённы курс асноваў хрысціянскай веры, праходзілі ў нашай парафіі ў мінулым годзе, а ў гэтым адбылося іх абнаўленне – так бы мовіць, замацаванне таго, пра што гаварылася раней”.
Згодна з канонамі святыя місіі павінны праводзіцца кожныя дзесяць гадоў. Аднак у апошні раз у Навагрудку яны праходзілі толькі ў 1991 г. у Фарным касцёле Перамянення Пана. Калі яны адбываліся апошні раз у парафіі Св. Арханёла Міхала, невядома.
“Абнаўленне святых місій правялі тыя ж манахі з Кангрэгацыі Найсвяцейшага Адкупіцеля (рэдэмптарысты), айцы Андрэй Ядкоўскі і Валерый Мазюк з Гродна, якія маюць вялікую практыку прапаведвання, бо гэтая манаская супольнасць спецыялізуецца менавіта на правядзенні святых місій, – распавёў кс. Юрый Жэгарын. – Манахі прапаведуюць ва ўсім свеце: у Казахстане, Расіі, Літве, Латвіі, Польшчы, Германіі, ЗША. У іх казаннях мы чуем вельмі канкрэтнае, зразумелае, цікавае і вобразнае тлумачэнне асноваў хрысціянства. Нягледзячы на тое, што само казанне можа доўжыцца каля гадзіны, час праходзіць вельмі хутка”.
“Праграма абнаўлення не менш духоўна багатая і разнастайная, чым самі святыя місіі, – падкрэсліў святар. – Акрамя сумесных малітваў і набажэнстваў, праходзілі сустрэчы з парафіянамі рознага ўзросту – дзецьмі, моладдзю, дарослымі. А таксама з бацькамі і сямейнымі парамі для “аднаўлення” бацькоўскіх абавязкаў і сужэнскіх абяцанняў і дзеля іх духоўнага ўмацавання”.
Святыя місіі мог наведаць кожны жадаючы незалежна ад веравызнання і поглядаў – усе, хто хацеў знайсці адказы на духоўныя і жыццёвыя пытанні, хто знаходзіўся ў цяжкім духоўным і маральным крызісе.
“Місіі – гэта не проста казанні і сумесныя малітвы, гэта таксама час Божай міласэрнасці і ласкі, – дадаў кс. Юрый Жэгарын. – Мы, як пастыры, прыкладваем свае намаганні, але Бог можа гэтыя намаганні памножыць у сотні або ў тысячы разоў. Тым больш, што Бог дзейнічае не знешне, не напаказ – Ён пачынае дзейнічаць грунтоўна, з душы і сэрца чалавека. Таму я пастаянна прашу вернікаў, каб яны маліліся аб багатых духоўных плёнах гэтых місій. Я са свайго боку таксама пастаянна малюся, каб святыя місіі духоўна адрадзілі нашу Навагрудчыну і ўсю Беларусь”.
Тэкст і фота: Анастасія Пятрова