Skip to main content

Адносіны з дзяржавай, развіццё міжканфесійных адносін i візіт Папы Францішка абмеркавалі беларускія біскупы ў Ватыкане

 

kangr wery 205 лютага ў межах візіту ad limina Apostolorum Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі наведала ватыканскую Кангрэгацыю Веравучэння.

На пачатку сустрэчы па традыцыі старшыня ККББ арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прадставіў сітуацыю Касцёла ў нашай краіне. Іерарх адзначыў, што вера ў часы ганенняў захавалася дзякуючы старэйшаму пакаленню і сёння з аднаго боку яна развіваецца, а з іншага павінна змагацца з выклікамі сучаснасці.

Сітуацыю адносна стану веры ў Беларусі прадставіў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. Іерарх распавёў як пра яе гісторыю, так і пра сучасны стан. Біскуп адзначыў, што ў Беларусі робіцца акцэнт на падрыхтоўцы будучых катэхетаў, а таксама расказаў пра іншыя акцыі, мэтай якіх з’яўляецца ўмацаванне веры.

Біскуп засяродзіўся і на негатыўным уплыве секулярызму, а таксама магіі, забабонаў і да т.п., якія сёння модныя ў свеце, а Беларусі не з’яўляецца выключэннем.

Падчас дыскусіі былі абмеркаваны праблемы змешаных сужэнстваў і практыкі прызнання сужэнстваў несапраўднымі. Кангрэгацыя выказала зацікаўленасць павышэннем тэалагічнай падрыхтоўкі святароў і свецкіх асобаў.

kangr wery 18

Пасля абеду беларускія біскупы наведалі Папскую раду спрыяння хрысціянскаму адзінству. Міжканфесійную сітуацыю ў нашай краіне і адносіны Каталіцкага Касцёла да іншых канфесій, асабліва Праваслаўнай Царквы, прадставіў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

Таксама беларускім біскупам скіраваў сваё пасланне старшыня рады кардынал Курт Кох. У ім іерарх вельмі станоўча выказаўся аб ролі Касцёла ў развіцці міжканфесійных адносін у Беларусі. Таксама кардынал засяродзіў увагу на трох наступных напрамках развіцця экуменізму: духоўным, дактрынальным і практычным.

Ватыканскі іерарх заклікаў да далейшага  развіцця дыяцэзіяльных экуменічных структур, экуменічнай фармацыі святароў, развіцця дыялогу “любові” і канкрэтных практычных крокаў супрацоўніцтва паміж рознымі канфесіямі. Кардынал Кох нагадаў словы Папы Францішка аб неабходнасці ажыццяўлення экуменічнага трыпціху: сумесна ісці, сумесна маліцца і сумесна працаваць.

Гэты дзень завяршыўся для біскупаў Беларусі сустрэчай з Дзяржаўным сакратаром Папы Францішка кардыналам П’етро Паралінам. Падчас сустрэчы гаворка ішла пра касцёльна-дзяржаўныя адносіны ў нашай краіне.

Дзяржаўны сакратар выказаў глыбокую занепакоенасць станам замежных святароў, якія маюць цяжкасці з атрыманнем дазволу на служэнне ў Беларусі, а таксама з немагчымасцю для святароў, якія наведваюць нашу краіну, цэлебраваць Эўхарыстыю без дазволу ўдады.

Па словах кардынала Параліна, існуючы стан з’яўляецца вельмі сур’ёзным, незадавальняючым і выклікаючым занепакоенасць.

Удзельнікі сустрэчы таксама абмеркавалі справу падрыхтоўкі пагаднення (канкардату) паміж Беларуссю і Апостальскім Пасадам, магчымасць структурных змен у Касцёле ў Беларусі і пытанне візіту Папы.

Tэкст і фота: кс. Юрый Марціновіч