4 лютага ўдзельнікі музычнай групы BoscoBand з Мінску па запрашэнні кс. Здзiслава Пiкулы SDB наведалі салезіянскую парафію Ўнебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыi ў Дзятлаве. У мясцовым Доме культуры праходзіў канцэрт, удзел у якім прыняла сталічная група.
Напачатку святочнай праграмы моладзь з Дзятлава прадставiла калядную тэатральную пастаноўку. Маладыя людзі распавялі пра момант Божага Нараджэння ў жыцці чалавека і пажадалі, каб кожны даваў магчымасць Езусу пасяліцца ў яго сэрцы.
Пасля пастаноўкі надыйшоў час выступлення BoscoBand. Падчас канцэрта дзеці дзяліліся сваім прыгожым талентам спеву і яшчэ больш знаёмілі людзей з ксяндзом Боско і салезіянскай харызмай, якая грунтуецца на радасці і блізкіх адносінах з Богам. Гледачы прынялі ўдзельнікаў групы вельмі цёпла.
Наступным важным момантам праграмы стала Святая Эўхарыстыя. Кс. Аляксандр Пятровiч падчас казання разважаў пра веру і давер да Бога праз прызму нядзельнага Евангелля. Святар распавёў гісторыю пра акрабата, які вельмі добра ездзіў па канаце на веласіпедзе.
У пэўны момант ён прапанаваў каму-небудзь пракаціцца разам з ім, але многіх апанаваў страх. Сярод вялікага натоўпу гледачоў знайшоўся маленькі хлопчык, які згадзіўся праехаць з акрабатам. Калі яму задалі пытанне, ці ён не баіцца, хлопчык адказаў: "Чаго баяцца? Гэта ж мой тата!".
Так і з Богам. Ён заўсёды побач і ніколі не пакіне і не нашкодзіць, бо з’яўляецца любячым Айцом і Яму варта давяраць і верыць.
Паводле sdb.by