26 студзеня ў парафіі Маці Божай Анёльскай у Гродне адбылася сустрэча мясцовай моладзі са студэнтамі з Нігерыі.
Францішканская моладзь з Душпастырства “Tau” запрасіла студэнтаў з Нігерыі на сустрэчу з мэтай знаёмства з іх культурай, сямейнымі традыцыямі. Госці распавялі таксама аб сваім мясцовым Касцёле і аб сітуацыі хрысціян у іх краіне.
Акрамя таго, гродзенская моладзь цікавілася штодзённым жыццём нігерыйцаў і тым, чым жыве сёння моладзь у іх далёкай краіне.
Студэнты з Нігерыі, якія прымаюць актыўны ўдзел у Душпастырстве студэнтаў і старэйшай моладзі “OPEN”, падзяліліся таксама, што ім падабаецца ў каралеўскім горадзе Гродна. Яны распавялі, як успрымаюць культуру краіны, якая стала месцам іх вучобы, і якія цяжкасці былі ў іх на пачатку прабывання ў Гродне.
Госці хвалілі беларускую культуру і казалі, якая розніца паміж бульбай у Беларусі і бананамі ў Нігерыі.
Падчас сустрэчы, якая праходзіла ў прыемнай і цёплай атмасферы, маладыя людзі з Нігерыі прадставілі свае традыцыйныя танцы і спевы. Гродзенская моладзь мела магчымасць навучыцца гэтым афрыканскім рытмам і рухам.
Сустрэча завяршылася супольным спевам калядак і малітвай “Ойча наш”, што гучала на англійскай мове.
Айцец Павел Раманчук OFM Conv, душпастыр францішканскай моладзі, адзначае, што, “нягледзячы на тое, што нас падзяляюць пэўныя рэчы, традыцыі і звычаі, усе мы адчулі сябе адной сям’ёй Божых дзяцей”.
Кс. Юрый Марціновіч