28 студзеня біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч узначаліў святую Імшу ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі i св. Язафата Кунцэвіча ў Сапоцкіне.
Падчас Эўхарыстыі іерарх асаблівым чынам маліўся ў інтэнцыі ўсёй дыяцэзіі, атачаючы малітвамі ўсіх духоўных і свецкіх асобаў. Біскуп маліўся таксама ў інтэнцыі І Сінода Гродзенскай дыяцэзіі, каб гэтая важная падзея ў жыцці Касцёла прынесла плён ажыўлення рэлігійнага жыцця.
У гаміліі, разважаючы над чытаннем Евангелля на гэты дзень, іерарх адзначыў, што Езус з клопатам і любоўю схіляецца над кожным чалавекам, каб несці святло ласкі і вызваленне з моцы злога духа, а таксама каб абуджаць у людзях радасць быць Божымі дзецьмі.
“Пан Езус, падобна як учыніў у Кафарнауме, скіроўвае да нас, а менавіта да зла, якое гняздзіцца ў нас, словы, поўныя моцы і велічы: „Маўчы і выйдзі з яго!”” – сказаў біскуп Кашкевіч.
Іерарх дадаў, што кожны чалавек з’яўляецца святыняй Бога жывога і ў ім прабывае Божы Дух, таму ён павінен вызваліцца ад таго, што не дазваляе яму цешыцца Божым жыццём.
“Таму няхай маўчаць мана, лянота, пагарда, паклёп, абыякавасць, гнеў, помста. Няхай выйдуць і ніколі не вяртаюцца злыя думкі, нячыстасць, фальшывыя сведчанні, блюзнерства. Няхай усё гэтае пустазелле, якое атручвае чалавечыя душы, заглушае добрае насенне ласкі ў нашых сэрцах, будзе сабрана і звязана ў снапы на спаленне”, – сказаў біскуп.
Па словах іерарха, Пан Езс сваёй моцнай навукай і рашучай паставай барацьбы з шатанам пацвярджае, што з’яўляецца сапраўдным і адзіным Настаўнікам, якога варта слухаць і якому варта давяраць.
“Ён не толькі навучае нас – Ён змушае зло, каб выйшла з нас і ўжо больш нас не знявольвала”, – дадаў біскуп.
Іерарх заклікаў усіх да малітвы за тых, хто спакушаецца ў веры, хто зняволены злом, супраціўляецца збаўчаму дзеянню Божага слова і сакрамэнтальнай ласкі.
“Няхай яны пачнуць бязмежна давяраць Езусу Хрысту, Сыну Божаму, які з’яўляецца нашым Настаўнікам і Лекарам. Няхай дазволяць, каб Езус апрамяніў іх сваім святлом, а тады ўжо ніколі не будуць блукаць у цемры”, – пажадаў біскуп.
Сваім спевам літургію ўпрыгожыў хор “Карфанты” з парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі, св. Марыі Магдалены і св. Станіслава, біскупа, у Познані (Польшча).
Кс. Юрый Марціновіч