21 студзеня ў Іўі адбыўся XV фестываль калядных песень “Gloria in Excelsis Deo”. Фестываль, які праходзіў у гарадскім Доме культуры, сабраў больш за 300 удзельнікаў з розных парафій Іўеўскага дэканата.
На фестываль прыбылі госці з Беларусі і з-за мяжы, цалкам запоўніўшы мясцовы Дом культуры.
У розных катэгорыях на фестывалі выступілі салісты, дуэты, трыа, квартэты і ансамблі. Ганаровымі гасцямі свята акрамя парафіянаў горада сталі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB, прадстаўнікі мясцовай улады ў асобе старшыні Іўеўскага райвыканкама Аляксандра Булака і прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу ў асобе Генеральнага консула Рэспублікі Польшча ў Гродне Яраслава Ксёнжэка.
Свята сям’і
Наймалодшым удзельнікам фестывалю стаў Мацвей Гушча з Іўя, які выканаў на сцэне песню “Кароўкі, авечкі”. Сам Мацвей адзначае, што прысвяціў падрыхтоўцы да выступлення шмат часу і вельмі хваляваўся. “Я вельмі шмат трэніраваўся перад тым, як выйсці на сцэну. Словы песні вывучыў вельмі хутка”, – кажа хлопчык. Мацвей дадае, што яму так спадабалася быць на сцэне, што хацеў бы яшчэ не раз быць удзельнікам фестывалю.
Альбіна Куніцкая, якая мела гонар прывітаць сёлета прысутных у Доме культуры, бо была адной з вядучых, дзеліцца тым, што незвычайнае шчасце вітаць усіх гасцей у такі асаблівы для Іўя дзень.
“Гэта, можна сказаць, першае маё выступленне на сцэне ў якасці вядучай, таму ёсць крыху хвалявання і невялікі стрэс”, – прызнаецца дзяўчына. Альбіна дадае, што хутка запомніла словы, якія былі падрыхтаваны да яе выступлення.
Жыхары горада і вернікі дэканата кажуць, што гэты фестываль стаў ужо традыцыяй і ўсе вельмі чакаюць яго кожны год. “Калі я размаўляю з людзьмі, то ўсе кажуць, што гэтая маштабная падзея стала сямейным святам для ўсіх, – адзначае валанцёр Наталля Лапато, якая задзейнічана ў правядзенні фестывалю. – Мае дочкі таксама выступаюць на сцэне, і калі набліжаецца свята, то пытаюцца ў мяне, ці пайду я ў гэтым годзе дапамагаць у якасці валанцёра”.
“Я думаю, што наш горад ужо адзначыўся гэтым фестывалем, які даўно выйшаў за межы нашага раёна”, – дадае Наталля і прызнаецца, што любіць свой горад, яго жыхароў і парафію, якая на працягу ўсяго года праводзіць разнастайныя акцыі.
Будаванне еднасці
Ксёндз Ян Гавецкі, арганізатар фестывалю і, як яго называюць удзельнікі, “душа” і “падарказбіральнік”, адзначае, што кожны фестываль з’яўляецца святам, якое яднае людзей і сем’і. “У апошні час я заўважаю, што нашы ўлады раёна вельмі адкрытыя і прыхільныя да падзей такога кшталту. Разам мы робім прыгожую справу, якая потым, перакананы, прынясе плён дабра ў жыцці многіх людзей”, – кажа святар.
Па словах кс. Гавецкага, тое, што дзеці і моладзь хочуць спяваць – гэта таксама нагода для евангелізацыі, бо ўсё робіцца на Божую хвалу. Як дадае арганізатар, тое, што гэты вялікі канцэрт адбываецца ў Тыдзень малітвы аб еднасці хрысціян, таксама з’яўляецца пацвярджэннем таго, што “мы жадаем разам будаваць еднасць у нашым горадзе, бо на гэтай культурнай імпрэзе збіраюцца вернікі розных канфесій”.
Свтар радуецца таму, што з кожным годам фестываль набірае новыя абароты і прыцягвае новых удзельнікаў з нашай краіны і з замежжа.
Прысутны на юбілейным фестывалі біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў кс. Яну Гавецкаму за вялікі ўклад у падрыхтоўку свята для ўсяго Іўеўскага дэканата. Іерарх падзякаваў таксама мясцовым уладам за дапамогу ў правядзенні фестывалю і сямейную атмасферу, якая пануе ў Іўі.
“Я радуюся, што тут, у Іўі, і ва ўсім дэканаце, які славіцца гэтым фестывалем, што арганізуецца кожны год, ёсць здольныя дзеці і моладзь. Гэтымі сваімі прыгожымі талентамі яны дзеляцца з намі”, – дадаў біскуп.
Гледачы, прысутныя ў зале Дома культуры, не хавалі свайго задавальнення, радасці і ўзрушанасці. Асабліва радаснай хвілінай было выступленне на сцэне дзесяцігадовай Анастасіі Гуранковай, якая паходзіць з Іўя, але цяпер жыве ў Гродне, дзе вучыцца ў спецыяльнай школе і займаецца музыкай у музычнай школе. Дзяўчынка заспявала і зайграла песню, якой малілася і прасіла Бога аб цудзе атрымання зроку, якога не мае з маленства.
“Яркія ўражанні ад фестывалю прымушаюць рабіць дабро кожны дзень! Уся мая сям’я прыязджае з году ў год у Іўе, каб раздзяліць з усімі ўдзельнікамі, гасцямі і гледачамі Божае Нараджэнне. Менавіта Нараджэнне Езуса ўсіх тут збірае, таму мы ўсе тут”, – адзначае Індрэ Ашмантайце з парафіі ў Трабах. Па словах дзяўчыны, выступаць з калядкамі ў Іўі – традыцыя ўсёй яе сям’і. “На гэтай сцэне спявалі ўсе мае сёстры і брат, і я ў тым ліку, шматлікія сябры, якія цяпер прыязджаюць са сваімі дзеткамі-канкурсантамі”, – дадае Індрэ.
Гран-пры для “Заранкі”
Найбольшую сімпатыю журы атрымаў ансамбль “Заранка” з Іўя, які атрымаў Гран-пры. Таксама кожны ўдзельнік атрымаў падарунак.
Удзельнікі фестывалю вельмі ўдзячныя кс. Яну Гавецкаму і с. Ірыне Бучынскай, якая прыкладвае шмат намаганняў, каб гэтае свята кожны год было на высокім узроўні, і якая найчасцей заставалася за сцэнай і па-за святлом сафітаў, але кожны год уносіць велізарны ўклад у падрыхтоўку.
Фестываль паказаў, што іўеўская зямля, наша зямля, мае сапраўды здольных маладых людзей, якія жадаюць ісці ў свет з Евангеллем, з радаснай навіной аб тым, што Езус Хрыстус нарадзіўся ў беднай стаенцы, каб даць людзям збаўленне.
Таксама фестываль паказаў, што ў нашай краіне ёсць дзеці і моладзь, якія хочуць праз спеў калядных песень славіць Бога, Даўцу ўсялякага дабра, і, паколькі ёсць добрая моладзь і добрыя дзеці – ёсць будучыня нашай краіны, будучыня нашага Касцёла.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота Баляслава Гавецкага