Skip to main content

Сястра кармэлітка Богна пасля 25 гадоў служэння выехала з Гудагая

s bogna 4Радасць сёлетніх святаў Божага Нараджэння ў Гудагаі была азмрочана сумнай навіной аб выездзе адтуль сястры кармэліткі Богны, якая шмат гадоў была сакрыстыянкай у касцёле.

Рашэннем манаскіх уладаў Кангрэгацыі Сясцёр Кармэлітак ад Дзіцятка Езус, да якой належыць с. Богна, манахіня пераведзена ў Польшчу ў супольнасць у Лапах.

Сястра Богна прабывала ў супольнасці ў Гудагаі амаль 25 гадоў, ціха і з пакорай служыла ў сакрыстыі, шыла і рамантавала альбы, хабіты, рабіла дэкарацыі, упрыгожваючы гудагайскі санктуарый Маці Божай Шкаплернай.

Служэнне сястры не абмяжоўвалася Гудагаем. Яна ахвотна дапамагала ў падрыхтоўцы розных урачыстасцяў у іншых кармэліцкіх супольнасцях на тэрыторыі Беларусі. З асаблівай стараннасцю рыхтавала дэкарацыі з нагоды адпусту ў Гудагаі. Пілігрымы, якія прыбывалі ў санктуарый, з захапленнем углядаліся ў тэматычныя дэкарацыі.

Пасля святой Імшы падзякі за 25 гадоў служэння с. Богны адна з парафіянак у сваёй прамове звярнула ўвагу, што кожная кветка, змешчаная сястрой у букет, была напоўнена яе малітвай і любоўю, а дзякуючы гэтаму станавілася прыгажэйшай.

s bogna 6

Манахіня была таксама тварам санктуарыя. З ёю першай найчасцей размаўлялі госці Маці Божай Гудагайскай. Яна ўмела слухаць людзей, вернікі ахвотна прыходзілі да яе на глыбокія размовы, якія датычылі духоўнага і штодзённага жыцця. Богінька, як называлі яе айцы кармэліты, была заўсёды добрай, хоць і перажывала хваробу, умела выслухаць і даць параду, суцешыць і памаліцца разам з чалавекам, палюбіць як маці і сястра.

Ад імя ўсіх вернікаў, якія ў сваім жыцці сустрэліся з гэтай манахіняй, дзякуем с. Богне за сведчанне жыцця, адданага Богу і Найсвяцейшай Маці, за сястрынскую любоў, якую аказвала ўсім, і за 25 гадоў вернага служэння ў Гудагаі.

Жадаем, каб на новым месцы служэння сястра была цёпла прынята і, напоўненая Божай ласкай, з радасцю служыла яшчэ шмат гадоў тым, што атрымала ад Бога, і ахвотна дзялілася гэтым з іншымі.

Кс. Юрый Марціновіч