У Дзятлаўскай раённай бальніцы адбылося адкрыццё капліцы. Благаславіць яе прыбыў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.
На ўрачыстай падзеі прысутнічалі ксёндз Віктар Гайдукевіч з Мінска, ксёндз Віктар Захарэўскі з Раготна, сёстры назарэтанкі, ксёндз Аляксандр, ксёндз Здзіслаў Пікула з Дзятлава.
Біскупа Юзафа Станеўскага пад гукі духавога аркестра з Наваельні сустракалі пры ўездзе на тэрыторыю бальніцы. Іерарха прывіталі кс. Здзіслаў Пікула, намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Ігар Кухарэвіч, які ўручыў біскупу букет кветак, і галоўны ўрач раённай бальніцы Марыя Максімовіч, якая сустрэла госця хлебам-соллю. Вернікі віталі гасцей яловымі галінкамі.
У актавай зале бальніцы, дзе сабраліся на святую Імшу і госці, і вернікі дзятлаўскай парафіі, усіх прысутных прывітаў кс. Здзіслаў Пікула. Біскуп Юзаф Станеўскі падзякаваў за запрашэнне і дадаў: “Усе ідуць у Бэтлеем, каб пакланіцца Пану Езусу. Сёння мы можам назваць Бэтлеемам і гэтае месца ў бальніцы, дзе народзіцца Хрыстус і застанецца тут. Кожны, хто шукае да Яго дарогу, хто просіць дапамогі, зможа прыйсці і пакланіцца Яму”. Іерарх падзякаваў людзям у белых халатах, якія штодзень трываюць тут у сваім пакліканні, дапамагаючы людзям.
У супольнай малітве прысутныя папрасілі Божай ласкі і дапамогі.
Біскуп узгадаў тыя далёкія часы, калі нарадзіўся Сын Божы, калі Яго прыйшлі прывітаць і пастухі, і каралі. “І з таго часу чалавек ідзе да Пана Бога, нашага Збаўцы. Ён прыйшоў, каб нас вызваліць з няволі граху. Ён дае нам супакой і радасць”, – сказаў іерарх.
Біскуп звярнуў увагу, што ў многіх бальніцах і вязніцах ёсць капліцы, каб чалавек меў месца і магчымасць звярнуцца да Бога. Менавіта прысутнасць капліцы, прысутнасць Бога ў такіх месцах, па словах іерарха, вельмі важная і значная. Нават уначы ў капліцах заўсёды нехта ёсць, хто моліцца, звяртаецца да Бога, і тады яму лягчэй з Езусам ісці на аперацыйны стол, а ўрачу – браць у рукі скальпель.
“Сёння тут пачынаецца новая гісторыя. Але ці зменіцца падыход да дактароў, пацыентаў – залежыць ад нас. Няхай гэтае святое месца будзе месцам поўнага даверу Езусу Хрысту нашага жыцця. І з верай будзем прасіць, каб Ён учыніў тую ласку, якая нам найбольш патрэбная, каб мы нашае хрысціянскае жыццё, нашае пакліканне маглі рэалізаваць на гэтай зямлі”, – дадаў біскуп Юзаф Станеўскі.
На заканчэнне Імшы ксёндз Здзіслаў Пікула падзякаваў усім, хто сабраўся ў бальніцы ў такі важны для дзятлаўскай парафіі дзень, і заклікаў усіх у цяжкую хвіліну ісці да Пана Езуса. Запрошаныя госці атрымалі ад святара падарункі.
Галоўны ўрач бальніцы Марыя Максімовіч таксама адзначыла важнасць гэтай падзеі, выказала словы ўдзячнасці ўсім, хто прыняў пасільны ўдзел у адкрыцці капліцы, пажадала здароўя, Божага благаслаўлення, апецы Маці Божай. Біскупу яна падарыла на памяць аб дзятлаўскай парафіі і бальніцы фігуру анёла-ахоўніка.
Біскуп падзякаваў за тое, што дазволілі адкрыць тут капліцу. Асаблівую падзяку іерарх выказаў урачам, нагадаўшы, што менавіта Езус Хрыстус пасылае дактароў да людзей, каб ім дапамагаць і ратаваць. Таксама біскуп падзякаваў ксяндзу Здзіславу Пікулу за яго руплівасць і намаганні ў адкрыцці капліцы.
Пасля біскуп благаславіў капліцу Маці Божай з Люрда, размешчаную на трэцім паверсе бальніцы.
У актавай зале дзеці прадставілі ўсім сабраным сцэнку аб нараджэнні Хрыста, якая яшчэ раз пацвердзіла, наколькі ўсемагутны Пан, бо Яму прыйшлі пакланіцца не толькі пастухі, але і каралі. Галоўны ўрач бальніцы падзякавала дзецям і пачаставала іх цукеркамі.
Святлана Грышына
Фота Юліі Бакуновіч
Больш фотаздымкаў па спасылцы