Ва ўрачыстасць Аб'яўлення Пана, якая таксама носіць назву Трох Каралёў, традыцыйна ва ўсіх святынях Гродзенскай дыяцэзіі моляцца ў інтэнцыі Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне і аб новых пакліканнях да святарства.
У гэты дзень у парафіях дыяцэзіі збіраюцца матэрыяльныя ахвяраванні на ўтрыманне гэтай навучальнай установы.
Семінарысты наведваюць некаторыя парафіяльныя супольнасці, каб маліцца разам з вернікамі, дзякаваць за падтрымку і ўсялякае дабро і даваць сведчанне. Таксама яны зачытаюць ліст кіраўніцтва семінарыі.
Шаноўны ксёндз пробашч,
ксяндзы вікарыі, сёстры законныя!
Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры!
Кожнага з нас на працягу ўсяго жыцця суправаджае здольнасць пазнання. Пачынаючы з маленства, да падлеткавага ўзросту, сярэдняга веку, старасці і да апошняга дыхання нашага жыцця мы маем магчымасць пазнаваць свет вакол нас і ўсю рэальнасць, і кожны робіць гэта па-свойму. Аднак ва ўсім гэтым працэсе пазнання важную ролю адыгрывае не толькі вопыт, пазнавальны кантакт з усёй рэальнасцю, але і перадача інфармацыі, ведаў, уменняў, якія дапамагаюць нам глыбей вывучыць рэальнасць, якая акружае нас, і ўвесь свет. У наш час ёсць некаторыя эксперты, спецыялісты ў многіх галінах, якія перадаюць нам розныя ісціны, вынікі даследаванняў, інфармуюць нас аб нечым. Аднак сярод усіх гэтых экспертаў і даследчыкаў ёсць найважнейшы Настаўнік, адзіная крыніца ўсёй праўды. Ёю з’яўляецца сам Бог.
Сёння ў літургіі Касцёла перажываем урачыстасць Аб’яўлення Пана. Дзень, калі асаблівым чынам Касцёл нагадвае нам праўду пра Бога, які аб’явіўся. Народжаны ў Бэтлееме, Езус Хрыстус аб’явіўся мудрацам з Усходу, вучоным таго часу, як Збаўца свету, як той, у якім раскрываецца ўся праўда і сэнс чалавечага жыцця. І таму сёння асаблівым чынам Касцёл заклікае нас задумацца пра таямніцу аб’яўлення Бога, які хоча быць бліжэй да кожнага чалавека, бліжэй да яго клопатаў і штодзённых патрэб.
Бог на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва аб’яўляўся па-рознаму. Найперш праз гэты свет, у якім жывём і які з’яўляецца прыгожай справай Творцы, і да Яго таксама накіроўвае тых, хто шукае сапраўднага сэнсу існавання ўсяго створанага. Свет і ўсе яго правілы і законы фізікі сведчаць аб важнасці і бязмежнасці таго, хто стаіць над усім гэтым. Гэты свет з'яўляецца свайго роду кнігай, якая перадае праўду пра Таго, хто быў ля яго вытокаў.
Але Усемагутны Творца не спыняцца на дасягнутым. Ён не стаў маўклівым Богам, які пакідае толькі сімвалы. Ён звярнуўся да нас у сваім Слове, якое было перададзена ў Кнізе Аб’яўлення, у Святым Пісанні, Кнізе Божага слова і Божых дзеяў.
Уладар Сусвету аб’яўляўся людзям праз бачныя знакі. Вогненны куст у пустыні перад Майсеем, слуп агню для выбранага народа, які блукаў па пустыні, Каўчэг Запавету, які быў знакам прысутнасці Бога сярод людзей. Аднак самым вялікім знакам прысутнасці Творцы стаў Езус Хрыстус, які нарадзіўся ў Бэтлееме. Менавіта праз свайго Сына Бог наблізіўся да нас самым дасканалым спосабам, Ён паказаў, што, нягледзячы на нашы недахопы і няпоўную адданасць, мы не абыякавыя Яму. Ён пасылае нам свайго Сына, каб паказаць нам праўду, правільны шлях і сэнс нашага жыцця (Ян 14, 6).
Сёння асаблівым чынам мы знаходзім і адчуваем Хрыста ў Касцёле, у Яго слове і сакрамэнтах, якія пакінуў нам. Таксама літургія, у якой мы прымаем удзел, з’яўляецца такім бачным знакам прысутнасці і дзеяння Бога сярод нас.
Аднак, каб сведчыць аб гэтай прысутнасці, неабходны з нашага боку намаганні і самаадданасць, як гэта было, напрыклад, з вешчунамі з Усходу, якія са стараннасцю і настойлівасцю рушылі ў далёкае падарожжа, каб сустрэча з Панам змяніла іх жыццё назаўсёды. Неабходна наша адкрытасць Богу ва ўсіх сітуацыях паўсядзённага жыцця, жаданне даць Яму магчымасць прыйсці ў наша жыццё. Патрэбны намаганні, каб пайсці за Бэтлеемскай зоркай, якая прыводзіць нас да Хрыста і якой сёння асаблівым чынам з’яўляецца Каталіцкі Касцёл, заснаваны і пакінуты нам самім Збаўцам, які пастаянна над ім чувае.
Няхай Аб’яўленне Пана, над якім сёння разважаем асаблівым чынам, будзе нам нагадваць пра неабходнасць выйсці насустрач Збаўцу, а таксама пра неабходнасць шукаць Пана, калі Яго страцілі ў нашым жыцці або аддаліліся ад Яго.
Існуе таксама ўжо традыцыя, што сённяшняя ўрачыстасць з'яўляецца днём, калі мы молімся за нашу духоўную семінарыю ў Гродне. Семінарысты і выхавацелі ідуць у парафіі нашай дыяцэзіі, каб асаблівым чынам разам з вернікамі маліцца і дзякаваць за духоўную падтрымку для нашай семінарыі, за вашыя малітвы ў інтэнцыі тых, хто пакліканы да святарства, і ў інтэнцыі новых пакліканняў. А таксама дзякаваць за фінансавую і матэрыяльную падтрымку, за ахвяры, складзеныя на патрэбы нашай навучальнай установы.
Духоўная семінарыя ўтрымліваецца выключна на ахвяры дабрадзеяў, людзей добрай волі, якім неабыякавы лёс Касцёла ў нашай дыяцэзіі і ў нашай краіне. Наша семінарыя ўтрымліваецца дзякуючы ахвярнасці вашых сэрцаў і гатоўнасці дапамагчы ў падрыхтоўцы маладых людзей да службы Богу, Касцёлу і вернікам.
Ваша малітоўная падтрымка і матэрыяльная дапамога з’яўляюцца важнымі для таго, каб хапала тых, хто будзе ўказваць на аб’яўленне Пана, указваць на сучасную Бэтлеемскую зорку, якой з’яўляецца Касцёл, што вядзе людзей да крыніцы сапраўднай радасці і шчасця – Езуса Хрыста. Бо сучасны чалавек і сённяшні свет са сваімі псеўдакаштоўнасцямі як ніколі патрабуюць паказаць правільны шлях і сэнс жыцця, патрабуюць святых і сапраўдных сведкаў Уваскрослага Хрыста.
Са свайго боку супольнасць Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне запэўнівае ў малітве за ўсіх ахвярадаўцаў і людзей добрай волі, якія любымі спосабамі падтрымліваюць нашу навучальную ўстанову. Хай Хрыстус Пан, нараджэнне якога не так даўно мы святкавалі, благаславіць усіх вас і вашы сем’і, няхай ахоўвае ад усялякага зла і вядзе да месца сапраўднай радасці і шчасця ў Нябеснай Айчыне.
З малітвай,
супольнасць Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.
Гродна, 6 студзеня 2018 г.
Польская версія ліста па спасылцы.