1 студзеня, ва ўрачыстасць святой Багародзіцы Марыі, ксёндз прэлат Юзаф Трубовіч – найстарэйшы святар у Беларусі – адзначаў дзень нараджэння. Святар нарадзіўся на Віцебшчыне ў вёсцы Невярышкі ў 1926 г.
У дзень нараджэння ксяндза прэлата адбылася ўрачыстая святая Імша ў гродзенскім касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, дзе ён служыць з 1999 года.
На літургіі сабралося духавенства і шматлікія вернікі, каб скласці кс. Юзафу Трубовічу самыя сардэчныя віншаванні і падзякаваць за ахвярнае служэнне і прыклад сапраўднага святара, цалкам адданага Богу і людзям.
“Дзякую Пану Богу за кожнага чалавека, якога паставіў на шляху майго жыцця. Дзякую за кожнага святара, які штодзённа згарае на службе Богу і людзям”, – казаў узрушаны ксёндз прэлат. Ксёндз Трубовіч адзначыў, што для яго заўсёды было і застаецца важным тое, каб былі новыя святарскія пакліканні і добрыя святары, якія будуць нястомна служыць іншым і абвяшчаць Евангелле Хрыста.
Ксёндз Юзаф Трубовіч падкрэсліў, што святар без людзей не змог бы рэалізаваць сваё пакліканне і місію, якую атрымаў для выканання ад Бога. Таму ён падзякаваў усім вернікам, якія прымаюць актыўны ўдзел у жыцці сваіх парафіяльных супольнасцяў і такім чынам спрыяюць евангелізацыі іншых людзей і свету.
На заканчэнне Імшы, падчас якой маліліся за шаноўнага святара і за яго памерлых бацькоў, Генавэфу і Баляслава, самыя малодшыя парафіяне ад імені ўсіх выказалі кс. Трубовічу віншаванні. Дзеці дзякавалі святару найперш за яго сэрца, якім ён здольны дзяліцца з кожным чалавекам, і прынеслі яму ў падарунак вялікае сімвалічнае сэрца.
Жадаем ксяндзу прэлату Божага благаслаўлення і патрэбных сіл на далейшыя доўгія гады служэння нашаму Касцёлу!
Кс. Юрый Марціновіч