З 30 снежня па 1 студзеня ў кляштары сясцёр назарэтанак прайшла традыцыйная навагодняя сустрэча для сем'яў з элементамі рэкалекцый. Пары разважалі пра тое, як быць шчаслівым сужанствам, разумець адзін аднаго, падтрымліваць і жыць у безумоўнай любові і згодзе. Усяго ў спатканні прыняло ўдзел каля 60 чалавек з Навагрудка, Гродна, Мінска і Смаргоні.
Падчас канферэнцый, якія праводзіў кс. Алег Шпець, пары ўзгадалі пра розныя мовы кахання і з дапамогай адмысловага тэста вызначалі менавіта тыя, якія найбольш падыходзяць іх сем’ям. "Чаму так важна ведаць гэтыя мовы? Бо мы перадаем і прымаем каханне па-рознаму, а захаваць яго ў шлюбе няпроста. Калі мы не разумеем таго, як наш муж ці жонка прымае каханне, шлюб можа высахнуць, а мы так і не зразумеем чаму. Таму варта вучыцца размаўляць на адной агульнай мове", - адзначыў святар
Новы год удзельнікі сустрэлі з малітвай, размовай з Богам, сабой і сваёй паловай. Кранальным і вельмі важным момантам сустрэчы стала аднаўленне сужэнскіх абяцанняў, складзеных у дзень заключэння шлюбу.
Вясёлым працягам спаткання стаў карнавал, умовай якога быў тэматычны касцюм і творчы нумар. Такім чынам на вечарыне можна было спаткаць людзей з плямёнаў Афрыкі, прарока Самуіла, прынцэс, мора, рыбака, рэтра-танцораў. Уночы не сціхалі песні і не спыняліся танцы. Хтосьці чытаў вершы, хтосьці прэзентаваў цэлыя пастановы-казкі, перапрацаваныя на сучасны лад. За творчасць сем’і атрымалі святочныя падарункі, якія чакалі іх пад елкай.
Дадому ўсе ад’язджалі з надзеяй на плённы працяг года, жыццё ў любові і сустрэчы на чарговых рэкалекцыях.
Даведка:
Асацыяцыя Святой Сям’і — супольнасць сем'яў пры Кангрэгацыі сясцёр назарэтанак. Яе мэтай з’яўляецца пашырэнне назарэтанскай духоўнасці сярод сем'яў. Асацыяцыя працуе ў 6 краінах свету і аб’ядноўвае больш за 850 чалавек.
У Беларусі яна дзейнічае з 2008 года. Сустрэчы сем’яў пад кіраўніцтвам сясцёр назарэтанак адбываюцца ў Гродне, Лідзе, Глыбокім, Мінску, Смаргоні, Навагрудку. Некалькі разоў на год назарэтанскія сем’і збіраюцца на агульныя духоўныя практыкаванні ў Навагрудку.
Эмілія Гаўрус