На заканчэнне каляндарнага года францішканская моладзь з гродзенскай парафіі Маці Божай Анёльскай завітала ў дамы парафіян, каб падзяліцца радаснай навіной аб нараджэнні Езуса Хрыста.
Наведваючы дамы вернікаў, маладыя людзі разам са сваім душпастырам а. Паўлам Раманчуком OFM Conv, апранутыя пастухамі, анёламі, каралямі, разам з Марыяй і Юзафам, набліжалі атмасферу святаў Божага Нараджэння і складалі віншаванні.
“Адчыняйце шырэй дзверы! Прыносім вестку аб цудзе, што гучыць па ўсёй зямлі. Стары звычай бываць паўсюль, прыходзім па калядзе”, – казала моладзь, вітаючы гаспадароў.
Падчас наведванняў гучалі цёплыя словы ў адрас гаспадароў і жарты: “Калі нас добра пачастуеце, будзеце добра жыць”.
З дапамогай падрыхтаванай кароткай інсцэніроўкі моладзь заклікала прыняць Езуса Хрыста, які прыходзіць у свет з дарам збаўлення і жадае благаславіць кожнага.
Як адзначылі маладыя людзі пасля калядавання, у кожным доме іх сустракалі з вялікай радасцю і ўзрушанасцю. Людзі шырока адчынялі дзверы сваіх дамоў і сэрцаў, а прымаючы гасцей пад свой дах, прымалі самога Бога.
Кс. Юрый Марціновіч