Skip to main content

Шэраг святочных мерапрыемстваў правялі ў смаргонскай парафіі

 

smargon uraczystasci 22У парафіі Св. Міхала Арханёла ў Смаргоні тыдзень з вігіліі Нараджэння Пана быў напоўнены святочнымі падзеямі: спектакль, аплаткавыя сустрэчы дзіцячага парафіяльнага хора і членаў Салезіянскай Асацыяцыі Марыі Успамогі, наведванне пажылых людзей.

Святая Імша Пастэрка

У ноч на Божае Нараджэнне на Імшы Пастэрцы ў парафіі ў Смаргоні прысутнічалі шматлікія вернікі, якія прыйшлі цэлымі сем’ямі, каб перажыць гэтыя радасныя хвіліны.

Напрыканцы святочнай літургіі пробашч парафіі кс. Алег Жураўскі SDB, звяртаючыся да прысутных, сказаў: "Прымем Бога ў нашы дамы і ў нашыя сэрцы. Няхай Ён асвятляе ўсе змрокі нашага жыцця і няхай нас вядзе. Святкуючы таямніцу прысутнасці Бога сярод нас, мы павінны імкнуцца сустрэцца з самымі блізкімі нам асобамі: роднымі, сябрамі і знаёмымі, каб яшчэ раз выказаць ім словы найлепшых пажаданняў і раздзяліць з імі калядную радасць. “Слова сталася Целам і пасялілася між намі…” (Ян 1, 14). Яно нясе свету радасць даравальнай Божай Любові, якая ніколі не пакідае чалавека. Мы пакліканыя прыняць яе ў сваё жыццё і навучыцца дзяліцца ёю з іншымі, такім чынам заносячы святло Бэтлеемскай зоркі тым, хто знаходзіцца яшчэ ў змроку нянавісці, недаверу, самоты, безнадзейнасці…”

smargon uraczystasci 5

Працягам святочнай ночы стала прыгожая традыцыя араторыя імя св. Яна Боско ў Смаргоні: адразу пасля Пастэркі – дзяленне аплаткай. Моладзь, святары і сёстры законныя сабраліся разам, каб падзяліцца аплаткай, скласці адзін аднаму віншаванні, правесці разам час, спяваючы калядныя песні. Сустрэча прайшла ў вельмі адкрытай і радаснай атмасферы, кожны мог пачуць у свой адрас шмат цёплых слоў і добрых пажаданняў.

Спектакль аб Нараджэнні Пана

25 і 26 снежня вечарам у смаргонскім араторыі адбыўся спектакль на тэму Божага Нараджэння “Тры ключы” пад кіраўніцтвам с. Ірыны Барцэвіч FMA.

Маладыя акцёры дапамаглі прысутным паразважаць над сваім шляхам да неба. Анёл у спектаклі кажа: “На зямлі ёсць тысячы ключоў, якімі можна адчыніць брамы неба. Толькі людзі не бачаць і проста затоптваюць іх. Ты можаш знайсці іх, калі добра пашукаеш. Тры з іх вызначаны толькі для цябе. Здолееш знайсці – зможаш адчыніць брамы неба. Яны расквітнеюць проста пад тваімі нагамі. Шукай, кароль”.

Упарты кароль змог знайсці ключы ад брам неба толькі тады, калі перамяніў сваё сэрца, заўважаючы патрэбы іншых і робячы дабро. Сцэнічныя моманты былі ўпрыгожаны спевам дзіцячага хору “Вясёлыя ноткі” пад кіраўніцтвам с. Веранікі Блізнюк FMA. Слёзы ў вачах гледачоў былі найлепшым падарункам для тых, хто рыхтаваў спектакль. Разважанні кранулі сэрцы людзей: “Зорка з неба ярка свеціць, сее ззянне па зямлі, каб дарослыя і дзеці да Хрыста свой шлях знайшлі”.

Аплаткавая сустрэча хора “Вясёлыя ноткі”

28 снежня ў араторыі адбылася аплаткавая сустрэча для ўдзельнікаў дзіцячага парафіяльнага хора “Вясёлыя ноткі” і іх бацькоў. На пачатку сустрэчы пробашч парафіі кс. Алег Жураўскі прачытаў урывак Евангелля аб нараджэнні Езуса Хрыста, заклікаў усіх да супольнай малітвы і благаславіў аплаткі.

Падчас дзялення белым хлебам – сімвалам нованароджанага Езуса – прысутныя ў вельмі цёплай атмасферы выказвалі адзін аднаму пажаданні, перапрашалі за недахопы і дзякавалі за ўчыненае дабро. На сустрэчы адчуваўся сапраўды сямейны дух.

Дзяўчынкі з хору з хваляваннем, вялікай радасцю і нават гонарам складалі свае пажаданні пробашчу і сёстрам салезіянкам, якія падрыхтавалі сустрэчу: с. Вераніцы Блізнюк і с. Ірыне Барцэвіч.

smargon uraczystasci 32

Пасля дзялення аплаткай кс. Алег Жураўскі раздаў дзецям салодкія падарункі, а таксама пачаставаў цукеркамі бацькоў і ўдзяліў усім благаслаўленне. Працягам сустрэчы быў спеў калядак, які с. Ірына Барцэвіч правяла ў выглядзе конкурса. Удзельнікі сустрэчы былі вельмі задаволеныя і ўдзячныя за магчымасць супольна правесці час.

Наведванне пажылых людзей

29 снежня дзеці з Савіо-клуба наведалі пажылых людзей, якія знаходзяцца ў Аддзяленні сястрынскага догляду пры Смаргонскім шпіталі. Дзеці павіншавалі бабуль і дзядуляў, а таксама медперсанал са святам Божага Нараджэння і надыходзячым Новым годам.

Падчас калядавання дзеці раздалі папяровыя батлейкі і цукеркі, салодкую выпечку, якую прыгатавалі разам з бацькамі. Адыходзячы з гэтага дома, дзеці былі пад вялікім уражаннем, а адначасова шчаслівыя, што маглі падзяліцца радасцю з Нараджэння Збаўцы.

Аплаткавая сустрэча членаў Салезіянскай Асацыяцыі Марыі Успамогі

Увечары 29 снежня ў араторыі імя св. Яна Боско адбылася аплаткавая сустрэча для членаў Салезіянскай Асацыяцыі Марыі Успамогі – ADMA, што з нядаўняга часу існуе пры парафіі Св. Міхала Арханёла.

Сустрэчу распачаў кс. Здзіслаў Вэдэр SDB, які прамовіў да прысутных словы з Евангелля і падзяліўся радасцю з магчымасці разам святкаваць Нараджэнне Езуса. Святар падкрэсліў таксама, што сапраўднай крыніцай радасці для кожнага хрысціяніна павінна быць вера ў Езуса Хрыста. Пасля малітвы адбылося дзяленне аплаткай, а разам з ёй – віншаваннямі і радасцю з гэтай нагоды.

Было выказана шмат прыгожых і цёплых слоў адзін аднаму, а працягам былі сумесна падрыхтаваныя салодкія пачастункі і калядныя спевы.

Жанчыны з АДМА ужо некалькі разоў мелі магчымасць праявіць свае музыкальныя таленты падчас розных парафіяльных канцэртаў, таму і на гэты раз з радасцю праслаўлялі Езуса спевам. Таксама на сустрэчы ў атмасферы сямейнай радасці ўдзельнікі вырашылі рыхтавацца да наступнай музычнай акцыі, да якой іх запрасіла моладзь парафіі. 

С. Ірына Барцэвіч FMA, с. Вераніка Блізнюк FMA

Фота Караліны Сняжко