Skip to main content

Святочныя сустрэчы для людзей у патрэбе арганізавала парафія ў Іўі

iueAkcyja 4

Сустрэчы для людзей, якія знаходзяцца ў патрэбе, перад урачыстасцю Нараджэння Пана аранізавала парафія Свв. апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі.

Разам з пробашчам кс. Янам Гавецкім валанцёры падзяліліся аплаткай і ўручылі святочныя падарункі ад вернікаў парафіі пажылым людзям і інвалідам у аддзяленні кругласутачнага прабывання для грамадзян пажылога ўзросту ў вёсцы Лукашына (Іўеўскі раён).

Чарговай акцыяй, мэтай якой было звярнуць увагу на бедных, самотных і інвалідаў, была ўжо традыцыйная аплаткавая сустрэча для катэгорыі такіх людзей, што адбылася ў рэстаране ў Іўі 22 снежня. Рэстаран прадаставіла для сустрэчы адна з парафіянак.

iueAkcyja 5

За святочным сталом у рэстаране сабралося каля 50 чалавек, якія мелі магчымасць спазнаць цяпло і дабрыню з боку іўеўскага пробашча і вернікаў. У падрыхтоўку стала ўключыліся самі парафіяне, якія супольнымі сіламі прыгатавалі святочныя стравы.

Усе прысутныя атрымалі падарункі ад парафіян, якія ўдалося набыць дзякуючы акцыям, арганізаваным парафіяльным “Карытас” у перыяд Адвэнту.

iueAkcyja 2

Як адзначае кс. Ян Гавецкі, у іўеўскай парафіі заўсёды звяртаецца вялікая ўвага на людзей, якім патрэбна дапамога і падтрымка. Гэта нагода, каб нагадаць такім людзям, што яны не самотныя, а побач з імі ёсць добрыя і ахвярныя парафіяне, якія, калі ёсць такая патрэба, працягваюць руку дапамогі.

Кс. Юрый Марціновіч