Skip to main content

Адбылася аплаткавая сустрэча ўдзельнікаў пілігрымкі “Гродна – Рось” i валанцёраў Дыяцэзіяльнага дня дзіцяці

aplatak ros 126 снежня ў гродзенскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў чарговы раз сабраліся на сумеснай малітве і аплаткавай сустрэчы ўдзельнікі пілігрымкі “Гродна – Рось” i валанцёры Дыяцэзіяльнага дня дзіцяці.

Гэта ўжо традыцыйная сустрэча, якая ўпісалася ў каляндар Гродзенскай дыяцэзіі і заўсёды збірае шматлікіх пілігрымаў, якія вельмі часта прыбываюць на яе цэлымі сем’ямі. Гэта нагода скласці адзін аднаму віншаванні і вярнуцца думкамі на шлях пілігрымкі, каб узгадаць, як ішлі разам да Езуса Журботнага ў Рось.

Далучыцца да ўдзельнікаў гэтай “сям’і” пілігрымаў упершыню былі запрошаны валанцёры, якія дапамагаюць у падрыхтоўцы і правядзенні свята дзяцей, што кожны год у першы дзень чэрвеня праходзіць у Гродне.

Пачалася сустрэча святой Імшой, якую ўзначаліў кіраўнік пілігрымкі i арганізатар Дня дзіцяці ксёндз Юрый Марціновіч.

У гаміліі святар звярнуў увагу, што праўда, якую мы перажываем у гэты час, аб тым, што Бог стаўся чалавекам, каб нас збавіць, з’яўляецца абавязуючай, а таксама патрабуе адказу самога чалавека, а калі трэба, то і сведчання.

“Адказам на любоў Бога і Яго міласэрнасць павінна ў кожным з нас быць пастава св. Стэфана, які прыняў праўду аб збаўленні, не захоўваючы яе толькі для сябе, а сведчачы пра яе ўсім сваім жыццём”, – падкрэсліў кс. Марціновіч, кажучы пра св. Стэфана, першага мучаніка, свята якога адзначалася ў гэты дзень.

aplatak ros 12

Па словах кс. Юрыя Марціновіча, сведчанне св. Стэфана вучыць сучасных людзей, што ў рэлігійным жыцці нельга захоўваць сваю веру толькі для сябе, чэрпаючы з яе духоўную карысць, але трэба перадаваць яе іншым і выражаць яе ва ўчынках. Святар дадаў, што кожнага хрысціяніна “чакае тая гадзіна, гадзіна прызнання ў Езусе”, і ў гэтую гадзіну трэба даць праўдзівае сведчанне пра Яго.

Падчас Імшы вернікі дзякавалі Богу за чарговую сустрэчу, маліліся за ўсіх удзельнікаў пілігрымкі і тых, хто штогод дапамагае ў яе арганізацыі. Яны ўзгадалі ў малітве і тых пілігрымаў, якія ўжо адышлі ў вечнасць.

Маліліся таксама за ўсіх валанцёраў Дыяцэзіяльнага дня дзіцяці і за дзяцей, якія прынялі ўдзел у сёлетнім свяце.

Аплаткавая сустрэча была надзвычай атмасфернай, уключала спеў калядак, танцы і найлепшыя пажаданні адзін аднаму.

aplatak ros 30

З віншаваннямі да сабраных звярнуўся між іншым кс. прэлат Юзаф Трубовіч. Святар пажадаў, каб удзел у пілігрымках і іншых сустрэчах, якія арганізуюцца Касцёлам, спрыяў духоўнаму развіццю чалавека і ўзрастанню ў веры.

У сёлетняй сустрэчы ўдзельнічала каля 100 чалавек, якія прыбылі з Гродна і іншых месцаў Гродзенскай дыяцэзіі.

Ганна Глябовіч