Skip to main content

Біскуп Станеўскі на Імшы Пастэрцы: бэтлеемская ноч – рэчаіснасць, якая трывае тут і цяпер

 

pasterka k 6У вігілію Нараджэння Пана дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі ўзначаліў Імшу Пастэрку ў гродзенскім катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя.

 

Ва ўрачыстай Эўхарыстыі ўдзельнічалі шматлікія вернікі катэдральнай парафіі і горада Гродна. У літургіі таксама прынялі ўдзел прадстаўнік Грэка-Каталіцкай Царквы а. Андрэй Крот, пробашч грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай у Гродне, прадстаўнік Праваслаўнай Царквы протаіерэй Георгій Рой, настаяцель Свта-Пакроўскага Сабора Гродна, і прадстаўнік Евангелічна-лютэранскай супольнасці пастар супольнасці ў Гродне Уладзімір Татарнікаў.

У гаміліі біскуп Станеўскі адзначыў, што да гэтай радаснай хвіліны, якой з’яўляецца ўспамін нараджэння Сына Божага, “мы ішлі дарогамі Адвэнту – часам рэкалекцый, споведзі, раратніх Імшаў, прынятымі пастановамі і вырачэннямі”.

“Сёння разам з Марыяй, святым Юзафам і пастухамі мы адаруем стаенку Дзіцяці, якога Марыя спавіла хусткай, знятай з галавы. Мы ведаем, што бэтлеемская ноч – гэта незакрытая старонка гісторыі. Гэта рэчаіснасць, якая трывае ў збаўчым парадку, таксама тут і цяпер”, – дадаў іерарх.

pasterka k 4

Па словах біскупа, больш за две тысячы гадоў таму зорка заззяла не толькі над Бэтлеемам і не толькі адзін раз. “Яе святло мы бачым і сёння, там, дзе прабачэнне і згода, прымірэнне і любоў. Атмасфера цяпла бэтлеемскай ночы ахутвае і сёння сем'і, якія прабываюць у згодзе, схіляецца над хворым і дае накірунак бяздомным і бежанцам”, – сказаў іерарх.

Біскуп патлумачыў, што Хрыстус, які нарадзіўся ў Бэтлееме, жыве ў сваім Касцёле, прыходзіць да людзей у таямніцы Эўхарыстыі, якая з’яўляецца цэнтрам жыцця Касцёла; ахвяруе людзям сваё Цела і сваю Кроў, для ўмацавання, для годнага жыцця, для запавету вечнасці, да якой усе імкнуцца.

Іерарх заклікаў прысутныя на літургіі сем’і захоўваць святочныя традыцыі і звычаі, якія з’яўляюцца багаццем кожнага народа. “Будзем трымацца традыцыі нашых бацькоў, а адначасова не закрываць сэрцаў на бліжніх, дзяліцца радасцю, бо Бог пасяліўся сярод нас”, – заахвоціў біскуп.

Карыстаючыся нагодай, іерарх склаў прысутным святочныя віншаванні. Біскуп пажадаў, каб Нованароджаны, які прыходзіць падчас кожнай Эўхарыстыі, знайшоў годнае памяшканне ў сэрцах людзей і ў кожнай сям’і нашай краіны, a свет бэтлеемскай зоркі быў заўсёды знакам трывалага міру ў свеце.

pasterka k 16

“Няхай у вашым жыцці будзе дастаткова веры і надзеі, каб мы маглі захаваць і абараніць спакой і згоду ў нашым грамадстве. Няхай сёння не плачуць дзеці і не праліваюць слёзы састарэлыя людзі з самоты. Няхай скрушаныя сэрцам у вязніцах пачуюць пра амністыю, а медыцынскае абследванне з трагічным вынікам будзе памылковым”, – пажадаў іерарх.

На заканчэнне святочнай Эўхарыстыі, якая была звеставаннем вялікай радасці аб нараджэнні Божага Сына, абяцанага Месіі, які прыйшоў у свет з дарам збаўлення, біскуп, святары і вернікі падзяліліся аплаткай.

Кс. Юрый Марціновіч