22 снежня ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбылася аплаткавая сустрэча святароў і сясцёр законных, якія служаць у Гродзенскай дыяцэзіі.
У сустрэчы ўдзельнічалі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Да супольнага святкавання былі запрошаны і семінарысты.
Сустрэча пачалася малітвай брэвіярыя і адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту. Затым адбылася святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Падчас Эўхарыстыі асаблівым чынам маліліся за памерлага год таму кс. Тадэвуша Вышынскага CM, шматгадовага выкладчыка семінарыі ў Гродне.
Ад імя ўсіх святароў i сясцёр законных дыяцэзіі віншаванні з нагоды набліжэння святаў Божага Нараджэння скіраваў да гродзенскага ардынарыя біскуп Юзаф Станеўскі. Іерарх пажадаў, каб распачатая ў гэтым годзе гістарычная справа, якой з’яўляецца І Сінод Гродзенскай дыяцэзіі, прынесла плёны ажыўлення рэлігійнага жыцця ў дыяцэзіі і ўключэння многіх людзей.
Звяртаючыся да прысутных, біскуп Юзаф Станеўскі адзначыў, што ўсе яны маюць патрэбу ў надзеі, радасці і пакоры.
“Нам усім патрэбна надзея, калі нас не хочуць прымаць. Трэба мець радасць тады, калі нас шукаюць. Патрэбна вялікая пакора, калі мы ганарымся сваім душпастырскімі дасягненнямі. Патрэбна мець шмат сіл, калі мы бездапаможныя”, – сказаў іерарх.
Біскуп пажадаў усім духоўным асобам прыпадабняцца да Збаўцы, прыйсця якога чакае свет, і быць сапраўднымі апосталамі Божай міласэрнасці ў сваіх парафіяльных супольнасцях.
Падчас узаемных віншаванняў біскупы дзякавалі святарам i манахіням за ахвярнае служэнне вернікам і за ўсе душпастырскія акцыі, якія яны рэалізуюць у сваіх парафіяльных супольнасцях.
Гэта быў ужо другі тур аплаткавай сустрэчы. Першы адбыўся 20 снежня ў лідскай парафіі Святой Сям’і.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: кл. Андрэй Юхнік