19 cнежня з нагоды надыходзячага свята Божага Нараджэння навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне на чале з духоўным айцом кс. Янам Сарэлам наведалі Дом міласэрнасці ў Каменцы. Там знаходзіцца прытулак для састарэлых і хворых, якіх даглядае супольнасць сясцёр Маці міласэрнасці.
Навучэнцы спрабавалі адарыць жыхароў прытулка любоўю, бо толькі яна надае жыццю глыбокі і непахісны сэнс. Кожны жадаючы меў магчымасць таксама прыступіць да сакраманту пакаяння і паяднання, каб увайсці ў таямніцу надыходзячага свята з чыстым сэрцам і добрымі думкамі.
"Уражанні, якія мы атрымалі падчас сустрэчы, напэўна, надоўга застануцца ў нашых сэрцах і паспрыяюць духоўнаму станаўленню на дарозе да служэння самым бедным і патрабуючым", - адзначыў кл. Віталь Валюк.
Яўген Амасёнак, семінарыст