Skip to main content

Конкурс “Бэтлеемская стаенка” адбыўся ў іўеўскай парафіі

szopka 3У час Адвэнту, які з’яўляецца радасным чаканнем прыйсця Збаўцы, у парафіі Свв. апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі ў 15-ы раз адбыўся конкурс “Бэтлеемская стаенка”. Традыцыйна яго арганізаваў пробашч парафіі кс. Ян Гавецкі.

Галоўнай мэтай конкурсу была падрыхтоўка да святаў Божага Нараджэння, развіццё эстэтычнай чуласці і мастацкіх здольнасцяў дзяцей і моладзі.

На конкурсе былі прадстаўлены 53 стаенкі, выкананыя 75 удзельнікамі – дзецьмі і моладдзю. Яны былі зроблены з розных матэрыялаў: дрэва, паперы, нітак, арэхаў, пластыліну, салявой масы, тэкстылю, саломы, макаронаў, шышак, карэнняў дрэў.

Стаенкі мелі вельмі высокі ўзровень, характарызаваліся між іншым разнастайнасцю тэхнік, наватарскімі ідэямі. Яны мелі традыцыйную форму і былі створаны паводле традыцыйных матываў: нараджэння Езуса ў стаенцы ў Бэтлееме і вандроўкі Трох Каралёў.

szopka 10

Усе ўдзельнікі конкурсу атрымалі ад арганізатараў памяткі, а найлепшыя былі ўзнагароджаны падарункамі.

Вернікі мелі магчымасць пабачыць працы дзяцей і моладзі, паколькі яны былі выстаўлены ў парафіяльнай святыі. Сёння яны ўжо вярнуліся да сваіх гаспадароў, каб упрыгожыць дом і наблізіць атмасферу святаў Божага Нараджэння.

Кс. Юрый Марціновіч