19 снежня ў гродзенскую катэдральную базіліку св. Францішка Ксаверыя будзе дастаўлены Бэтлеемскі агонь. Святая Імша-прывітанне запланавана ў 17.00. Паводле традыцыі агонь з зямлі, дзе нарадзіўся Хрыстос, прабудзе ў катэдры да 7 студзеня.
На працягу ўсяго часу прабывання агню ў святыні кожны вернік зможа "забраць" яго да свайго дому. Бэтлеемскі агонь сімвалізуе святло, якім Хрыстос асвяціў змрок свету сваім нараджэннем, таму, ставячы гэты агеньчык на вігілійным стале, чалавек раздзяляе з блізкімі радасць ад прыйсця Збаўцы.
Даведка:
Першы раз акцыя "Бэтлеемскі агонь супакою" была арганізавана ў 1986 годзе ў горадзе Лінц, у Аўстрыі, як частка каляднай дабрачыннай акцыі "Святло ў цемры" для дзяцей-інвалідаў і ўбогіх.
Ужо праз год патранатамі акцыі сталі аўстрыйскія скаўты. Яны разносілі агонь у розныя ўстановы – бальніцы, дзіцячыя дамы, адміністрацыі, каб у час Божага Нараджэння ён стаўся жывым сімвалам супакою, братэрства, надзеі і любові.
Сёння з Вены агонь трапляе ў іншыя краіны амаль усёй Еўропы, а нават і за палярны круг.
AM