8 снежня парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Лідзе адзначала адпустовую ўрачыстасць тытулу касцёла. У гэты дзень святкавалася таксама 15-годдзе кансэкрацыі гэтай святыні.
Ва ўрачыстасцях, якія ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, прынялі ўдзел шматлікія святары і свецкія вернікі. Яны дзякавалі за дар касцёла, які з’яўляецца месцам спаткання чалавека з Богам.
Вітаючы ўсіх прысутных, пробашч парафіі кс. прэлат Вінцэнт Лісоўскі адзначыў, што характэрнай рысай вернікаў гэтай парафіяльнай супольнасці з’яўляецца іх прыхільнасць да Панны Марыі. Многія людзі, перш чым пакінуць святыню, моляцца некаторы час у цішыні перад фігурай Маці Божай, якая з’яўляецца іх асаблівай Апякункай.
“Мы трываем пры Марыі, бо глыбока верым, што Яна ў стане выпрасіць у свайго Сына патрэбныя дары і ласкі для далейшага функцыянавання”, – дадаў пробашч.
Біскуп Антоні Дзям’янка ў гаміліі адзначыў, што Панна Марыя для кожнага чалавека з’яўляецца быццам мастом ці лесвіцай, пры дапамозе якой яднаецца неба з зямлёй.
“Беззаганнае Зачацце Марыі стала знакам чыстасці ўсяго, што пачалося ў Бога. Таксама і новага чалавека, які нараджаецца ў нас, калі Пан дакранаецца да нас сваёю моцай”, – сказаў іерарх.
Біскуп заклікаў усіх часта звяртацца да Панны Марыі ў патрэбах душы і цела, а асабліва тады, калі будзе ахопліваць сумненне ў выпадку цяжкіх грахоў, калі шатан будзе спрабаваць патапіць чалавека ў маладушнасці.
“Ніколі не занядбоўвайце таго, каб звяртацца з сардэчнай просьбай да Марыі, нават тады, калі дапамога не прыйдзе ў адзін момант. Дастаткова, калі прыйдзе перад смерцю”, – падкрэсліў пінскі ардынарый і дадаў, што менавіта ў такія хвіліны нельга забываць аб словах анёла: “Не бойся, Марыя, бо знайшла ты ласку ў Бога” (Лк 1, 30).
Урачыстасць завяршылася супольным спевам гімну “Цябе, Бога, праслаўляем”, а таксама пастырскім благаслаўленнем.
Кс. Юрый Марціновіч