Skip to main content

У семінарыі ў Гродне адбыўся дзень засяроджання

 

wds zsr 27 снежня ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбыўся дзень засяроджання – спрыяльны час для тых, хто хоча спыніцца ў імклівым рытме штодзённага жыцця і схіліцца над вялікай таямніцай любові Бога да чалавека. Невыпадкова духоўныя практыкаванні прыпалі на час Адвэнту, калі кожны семінарыст імкнецца аддаліцца ад празмернай занятасці і паразважаць над тым, Хто з’яўляецца для яго найвялікшым скарбам і сэнсам усяго жыцця і што перашкаджае яму падрыхтаваць сваё сэрца да сустрэчы з Ім.   

У гэтых памкненнях навучэнцаў суправаджаў кс. Руслан Мазан, архівіст Гродзенскай курыі і выкладчык духоўнай семінарыі. Разважанні рэкалекцыяніста дапамагалі будучым святарам акунуцца ў атмасферу малітвы, цішыні і засяроджанасці, каб паглядзець на свае адносіны з Хрыстом з адлегласці, аднавіць свой першапачатковы запал прысвяціць сваё жыццё Богу і адказаць сабе на пытанне, ці добра выкарыстоўваецца час, дадзены Богам падчас семінарыйнай фармацыі.

wds zsr 3

Семінарыйная супольнасць ад усяго сэрца ўдзячна кс. Руслану Мазану за тое, што, нягледзячы на шматлікія святарскія абавязкі, ён знайшоў час, каб падзяліцца з навучэнцамі досведам асабістых адносінаў з Богам і нагадаць, чым з’яўляецца сапраўдная малітва і якое месца яна павінна займаць у жыцці сучаснага вучня Хрыста.

Яўген Амасёнак, семінарыст