Skip to main content

Рэкалекцыі для францішканскай моладзі “TAU” адбыліся ў Парэччы

franc 71-3 снежня ў Парэччы адбыліся рэкалекцыі “TAU” для францішканскай моладзі з парафіі Маці Божай Анёльскай у Гродне. У рэкалекцыях, якія праводзіў а. Павел Раманчук OFM Conv, прынялі ўдзел 15 чалавек.

Духоўныя практыкаванні былі прысвечаны адносінам чалавека з Богам. Моладзь разважала над тым, якія цяжкасці могуць з’явіцца ў будаванні сяброўства з Богам. Святар, які праводзіў рэкалекцыі, заклікаў да большага ўключэння ў справы Касцёла і малітву, а таксама адзначыў, што можна быць актыўным удзельнікам рэлігійных акцый, якія адбываюцца ў парафіі, а адначасова не сустрэцца з Богам.

Айцец Раманчук заахвоціў усім сваім сэрцам уключацца ў жыццё Касцёла і штодзень жыць святымі сакрамэнтамі, бо асабліва ў сённяшнія часы можна лёгка забыць аб найважнейшым.

Таксама ўдзельнікам было расказана пра “знакі”, якія чалавек заўважае ў сваім жыцці, “знакі” адыходу ад жывога Бога, у малітве і штодзённасці, што ў выніку прыводзіць да пытання, ці ёсць Бог, і да сцвярджэння, што Бога няма.

Акрамя малітвы, сабраныя мелі час на супольныя размовы, забавы, добры фільм, а таксама на смажанне каўбасак на вогнішчы. Гэта была чарговая нагода да інтэграцыі і будавання супольнасці, калі згодна з францішканскім заклікам дзяліліся ўзаемна мірам і дабром.

Кс. Юрый Марціновіч