Skip to main content

У гродзенскай парафіі Святога Духа адкрылася моладзевая зала

arca 4

21 верасня ў гродзенскай парафіі Святога Духа (мікрараён Альшанка) адбылося ўрачыстае адкрыццё моладзевай залы “Arca”. Зала знаходзіцца пры парафіяльнай святыні.

Абрад благаслаўлення залы здзейсніў пробашч кс. канонік Павел Салабуда ў прысутнасці іншых святароў, законных сясцёр і маладых вернікаў парафіі.
Вольга Ляховіч, якая паведаміла нам пра гэтую падзею, называе яе “хаця і невялікім, але значным мерапрыемствам”, а словы пробашча, у якіх ён заахвоціў моладзь “перадаць спадчыну сваім малодшым братам і сёстрам”, – “не проста пажаданнем, а даручанай альшанскай моладзі місіяй, якая сведчыць пра вялікую надзею, ускладзеную парафіяй на моладзь, прызнаннем патэнцыялу, энтузіязму і адказнасці моладзі за тое, каб быць прыкладам для іншых”.

arca 2

“Для маладых вернікаў парафіі наяўнасць уласнай залы “Arca” – велізарны крок наперад. Цяпер у іх з’явілася сваё месца не толькі для супольнай малітвы, але і для малітоўных вечароў, вывучэння катэхізісу, а галоўнае – для таго, каб быць разам у вольны час. Менавіта гэта стварае ўмовы для шчырых і моцных адносін, – кажа Вольга Ляховіч. – Пасля благаслаўлення новая “Arca” адразу ж напоўнілася жыццём, смехам і энергіяй маладой супольнасці”.

У дзень адкрыцця залы былі танцы, размовы каля грыля, магчымасць правесці час у коле сяброў.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі