Skip to main content

Біскуп Юзаф Станеўскі правёў адвэнтавыя рэкалекцыі ў Вішневе

u wisznewa 5

2-3 снежня ў парафіі Святога Юды Тадэвуша ў Вішневе (Смаргонскі дэканат) адбыліся парафіяльныя адвэнтавыя рэкалекцыі. Іх правёў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі.

Адвэнтавыя рэкалекцыі былі прымеркаваны да 15-й гадавіны смерці шматгадовага пробашча (1940–2002) вішнеўскай парафіі ксяндза Юзафа Кіселя. Ён пражыў доўгае 94-гадовае жыццё, і яго імя залатымі літарамі ўпісана ў гісторыю парафіі Св. Юды Тадэвуша.

Біскуп Юзаф Станеўскі ў сваіх рэкалекцыйных навуках рыхтаваў сэрцы вернікаў да Нараджэння Збаўцы, вучыў любові да бліжняга, заклікаў да малітвы аб пакліканнях да святарскага, манаскага і місіянерскага жыцця.

Іерарх маліўся ў інтэнцыі цяперашняга пробашча кс. Антона Казлоўскага і яго папярэдніка, дэкана Іўеўскага дэканата кс. Віктара Субеля, і іх сем’яў, а таксама аб пакліканнях да Божай службы з вішнеўскай парафіі.

На Імшу суму, якая цэлебравалася ў інтэнцыі ксяндза Юзафа Кіселя ў 15-ю гадавіну смерці, прыбылі шматлікія вернікі і святары: мядзельскі дэкан кс. канонік Багуслаў Манджэеўскі, пробашч са Свіры, ашмянскі дэкан грэміяльны канонік кс. Ян Пузына, пробашч з Ашмянаў, дыякан Мікалай Гракаў з Маладзечна.

u wisznewa 6

На пачатку нядзельнай Імшы іерарх асвяціў новыя жырандолі, якія былі ўсталяваны ў касцёле дзякуючы ахвяраванням парафіян.

Рэкалекцыі завяршыліся спяванай малітвай “Анёл Панскі” на адноўленай магіле кс. Юзафа Кіселя і біскупскім благаслаўленнем.

Кс. Антон Казлоўскі