30 лістапада ў Доме міласэрнасці ў Сапоцкіне адбыўся семінар для святароў Гродзенскай дыяцэзіі на тэму “Развіцце дабрачыннай дзейнасці пры каталіцкіх парафіях”.
Арганізатарам семінара выступіла Рэлігійная місія “Дабрачыннае каталіцкае таварыства Карытас” Гродзенскай дыяцэзіі. Мэтай семінара была актывізацыя дабрачыннай дзейнасці пры парафіяльных “Карытас”.
Удзельнікі між іншым пазнаёміліся з працай гродзенскага “Карытас”, які імкнецца з кожным годам пашыраць сферу сваёй дзейнасці, рэалізоўваючы разнастайныя праекты.
У межах семінара Наталля Вішнеўская, супрацоўніца дабрачыннага таварыства, распавяла пра валанцёрскую дзейнасць і саму працу з валанцёрамі. Разам са святарамі яна разважала над тым, як сёння зацікавіць людзей далучыцца да валанцёрскага руху і ў якія акцыі можна задзейнічаць людзей у штодзённым жыцці парафіі. Таксама абмяркоўваліся ідэі правядзення дабрачынных акцый і катэгорыі людзей, для якіх іх можна правесці ў межах парафіяльнага душпастырства.
Наталля Казарцава, кансультант па арганізацыі працы з валанцёрамі і арганізацыі праектаў, падзялілася сваім вопытам і заахвоціла святароў выкарыстоўваць кожную нагоду ў парафіях для правядзення разнастайных дабрачынных акцый. Яна адзначыла, што асабліва перыяд перад святамі з’яўляецца добрай нагодай, каб даць пачатак такой дзейнасці, таму што ў гэты час сэрца чалавека б’ецца па-іншаму.
Падсумоўваючы двухдзённы семінар, яго ўдзельнік кс. Артур Малафей адзначыў, што галоўнай справай ва ўсім гэтым з’яўляецца жаданне штосьці рабіць. Гэта найважнейшая справа, а ўсё іншае будзе атрымоўвацца з Божай дапамогай.
Удзельнікі выказалі сваю зацікаўленасць і ініцыятыву, каб такія сустрэчы, мэта якіх – выпрацоўка супольнай стратэгіі, адбываліся ў будучыні.
Кс. Юрый Марціновіч