11 кастрычніка выпускнік Вышэйшай духоўнай семінарыі Таварыства Каталіцкага Апостальства (палатыны) Павел Мікулка прыняў у семінарыйна-парафіяльным касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі Каралевы Апосталаў у Алтажаве (Польшча) сакрамэнт пасвячэння ў ступені дыяканату.
25 чэрвеня гэты малады беларускі палатын, які паходзіць з парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Германішках (Радунскі дэканат), прынёс ля магілы св. Вінцэнта Палоцці, заснавальніка Таварыства Каталіцкага Апостальства, у касцёле Сан-Сальваторэ-ін-Онда ў Рыме вечныя манаскія абяцанні чыстасці, убоства і паслухмянасці.
Пасвячэнне прынялі разам з Паўлам Мікулкам яшчэ два палатыны, удзяліў яго біскуп Плоцкі Шымон Стулкоўскі.
Рэктар палатынскай семінарыі, у пачатку цэлебрацыі вітаючы прысутных, выказаў асаблівае прывітанне на беларускай мове гасцям з Беларусі.
Біскуп у гаміліі заахвоціў новых дыяканаў верна ісці за Езусам Хрыстом, пажадаў ім плённага служэння і добрай падрыхтоўкі да прэзбітэрскага пасвячэння.
Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі