Skip to main content

У ашмянскай парафіі адбылося ўступленне ў пасаду новага пробашча – кс. Віталія Вайцяхоўскага

1000003961

У парафіі св. Міхала Арханёла ў Ашмянах адбылося афіцыйнае ўступленне ў пасаду новага пробашча, якім стаў кс. канонік Віталій Вайцяхоўскі.

Ксяндза Віталія прызначыў пробашчам ашмянскай парафіі і адміністратарам парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса і Анёлаў Ахоўнікаў у Анжадаве (Ашмянскі дэканат) біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй пасля раптоўнай смерці ранейшага пробашча ашмянскай парафіі кс. Яна Варанецкага, якая здарылася 12 верасня. Да гэтага ксёндз Віталій быў рэктарам Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

Правёў абрад уступлення новага пробашча ў пасаду дэкан Ашмянскага дэканату кс. Павел Раманоўскі. Парафіяне сустрэлі свайго новага пастыра гасцінна і з радасцю. Затым ксёндз Віталій цэлебраваў святую Імшу.

“Гэтая восень для ашмянскай парафіі пачалася сумна, – адзначае Вольга Эвейшыс з гэтай парафіяльнай супольнасці. – Пасля нечаканага адыходу ксяндза Яна ў вечнасць парафія асірацела і стала разгубленай. Але ход падзей вырашаны Панам Богам размеркавана і паслядоўна: пасля дажджу выглядае сонца, смутак змяняецца радасцю, і для нас, парафіян, адбылася прыемная падзея – быў прызначаны новы пробашч… Імшу пасля абраду свайго ўступлення ў пасаду ксёндз Віталій цэлебраваў хораша і бадзёра. Дзякуем Пану Богу за новага пастыра!”

6 кастрычніка ў гродзенскай семінарыі падзякавалі кс. Віталію Вайцяхоўскаму за служэнне на пасадзе рэктара, якую ён займаў з 2018 г., і прывіталі новага рэктара – кс. Яна Раманоўскага.  У семінарыі ксёндз Віталій таксама працягне працаваць – застаецца там выкладчыкам філасофскіх дысцыплін.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі