Skip to main content

Над уваходам у гродзенскі катэдральны касцёл змясцілі новы барэльеф

basilica minor 2У апошні час на катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне быў змешчаны новы барэльеф. Гэты знак – сведчанне таго, што дадзеная святыня з’яўляецца меншай базылікай, аб чым кажа лацінскі надпіс “Basilica minor”.

Ніжэй змешчаны герб Ватыкана, бо гэты тытул надаецца святыні Папам і яго атрымліваюць касцёлы, якія вылучаюцца гістарычнай каштоўнасцю або з прычыны сваіх літургічных ці душпастырскіх вартасцяў. На стужках па баках герба на гродзенскай катэдры ёсць надпіс “св. Францішак Ксаверы”, – які кажа пра апекуна гэтай святыні.

Дэкрэтам ад 15 снежня 1990 г. папа Ян Павел II надаў касцёлу тытул меншай базылікі, а 13 красавіка 1991 г. святыня стала катэдрай новай Гродзенскай дыяцэзіі.

basilica minor 1

Нагодай да змяшчэння барэльефа, як адзначае пробашч парафіі кс. канонік Ян Кучынскі, стаў грунтоўны рамонт звонку касцёла, што адбыўся ў апошні час. Таксама гэта нагадванне, асабліва ў год распачацця І Сінода Гродзенскай дыяцэзіі, што вернікі могуць у вызначаныя Касцёлам дні атрымаць поўны адпуст падчас яго наведвання.

У Беларусі ганаровы тытул меншай базылікі нададзены тром святыням: касцёлу Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе, катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску і катэдры св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.

basilica minor 3

Кс. Юрый Марціновіч