28 лістапада ў гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля (Дзевятоўка) адбылося падсумаванне вынікаў літаратурна-мастацка-фатаграфічнага конкурсу “Аб абароне Рыма-Каталіцкага Касцёла на Гродзеншчыне” і ўручэнне ўзнагарод пераможцам.
У конкурсе прыняло ўдзел некалькі дзясяткаў чалавек з некалькіх парафій Гродзенскай дыяцэзіі. Наймалодшаму ўдзельніку было 9 гадоў, найстарэйшаму – 90. З дапамогай малюнку, фатаграфіі, графікі або тэксту ўдзельнікі прадставілі свае працы.
На жаль, усё менш застаецца жывых сведкаў ранейшай гісторыі Касцёла на Гродзеншчыне, а памяць павінна трываць. Таму мэтай гэтага конкурсу было нагадаць гісторыю цяжкіх часоў і змаганняў за веру, а таксама прыгадаць людзей, якія паспрыялі таму, каб сёння новыя пакаленні належалі да Касцёла.
Мэтай конкурсу было таксама захаваць памяць і даць натхненне новым пакаленням вернікаў, якім чынам належыць перажываць сваю веру і якім трэба быць сёння вызнаўцу Езуса Хрыста.
Перад абвяшчэннем вынікаў конкурсу і ўручэннем узнагарод адбылася святая Імша ў парафіяльным касцёле, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Іерарх адзначыў, што сучасным людзям нельга страціць духоўную спадчыну сваіх продкаў, якія праз дасканалае з’яднанне з Хрыстом пакінулі нам узор хрысціянскага жыцця, стаўшы Яго сапраўднымі вызнаўцамі.
Дзякуючы ўсім удзельнікам конкурсу, біскуп заклікаў да адважнага сведчання вернасці Божым загадам і Хрыстоваму Евангеллю.
Падчас Эўхарыстыі асаблівым чынам маліліся за ўсіх сведкаў веры нашай зямлі, якія ў цяжкія часы пераследу Касцёла баранілі веру і, нягледзячы на супраціў, перадавалі яе далей.
Маліліся таксама за ўсю дыяцэзію і за ўсіх, хто спрыяе таму, каб на нашай зямлі паўставалі новыя святыні, а ў сэрцах людзей квітнела Божае жыццё; аб адвазе ў вызнаванні сваёй веры для дзяцей і моладзі, якія з’яўляюцца будучыняй Касцёла і свету.
Арганізатарам конкурсу “Аб выжыванні Рыма-Каталіцкага Касцёла на Гродзеншчыне” была парафія Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне.
Кс. Юрый Марціновіч