Skip to main content

Сустрэча Душпастырства чыгуначнікаў з нагоды ўспаміну св. Кацярыны Александрыйскай прайшла ў Гродне

 

usp sw kaciaryny 1526 лістапада ў парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне (Дзевятоўка) з нагоды літургічнага ўспаміну св. Кацярыны Александрыйскай адбыўся з’езд Душпастырства чыгуначнікаў Гродзенскай дыяцэзіі.

Урачыстую святую Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. На Імшы прысутнічаў а. Эдвард Пяцельчыц CSsR, душпастыр чыгуначнікаў Гродзенскай дыяцэзіі. Біскуп асаблівым чынам маліўся за ўсіх чыгуначнікаў і іх сем’і. Таксама іерарх падзякаваў ім за штодзённую службу, якую яны спаўняюць для грамадства.

У гаміліі біскуп Станеўскі звярнуў увагу на постаць св. Кацярыны Александрыйскай, якая на ўласным прыкладзе паказала, якая вялікая моц веры і любові. “Змушаная адмовіцца ад Хрыста, яна выбрала аддаць жыццё, а не адрачыся ад веры. Гэтыя вялікія сілы яна чэрапала з любові да Бога. Яе нязломная пазіцыя, падобна як і іншых мучанікаў, стала зачынам для новых вызнаўцаў Хрыста”, – сказаў іерарх.

Біскуп адзначыў, што і ў сённяшнія часы ідзе барацьба з Богам і веруючым чалавекам супраць любові, жыцця і чалавечай годнасці. Таму, па словах іерарха, пасланне св. Кацярыны даваць сведчанне ў любові і радасці набывае вельмі вялікае значэнне.

“Гаворка ідзе аб тым, каб любоў і радасць, якімі адорвае нас Хрыстус, сеяць у сем’ях, у суседстве, на месцах працы, вучобы і адпачынку. Святыя для нас з’яўляюцца ўзорам і доказам перамогі”, – дадаў біскуп.

usp sw kaciaryny 6

Таксама іерарх нагадаў пра семінарыйную нядзелю, якая традыцыйна адзначаецца ва ўрачыстасць Езуса Хрыста, Валадара Сусвету. Біскуп заахвоціў да малітвы ў інтэнцыі пакліканых і новых пакліканняў у Касцёле. Іерарх адзначыў, што патрэбна “малітва ўчынку маладога чалавека”, бо, як заўважыў, “малітва слова нашых вернікаў” трывае ўжо шмат стагоддзяў.

Сустрэча членаў Душпастырства чыгуначнікаў Гродзенскай дыяцэзіі завяршылася супольнай малітвай перад фігурай св. Кацярыны, якая ўстаноўлена побач са святыняй.

Святая Кацярына Александрыйская, мучаніца, з’яўляецца асаблівай апякункай працаўнікоў чыгункі, таму праз яе заступніцтва моляцца за ўсіх, хто працуе на чыгунцы. Яе літургічны ўспамін – дзень асаблівай еднасці ўсіх чыгуначнікаў і нагода да супольнай падзякі Богу за дары, якія кожны атрымлівае штодзённа.

Кс. Юрый Марціновіч