Skip to main content

Адпустовая ўрачыстасць Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, адбылася ў Жамыслаўлі

 

zhamyslaul 1026 лістапада, ва ўрачыстасць Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, адбылася адпустовая святая Імша ў капліцы Хрыста Валадара і Маці Божай Фацімскай у Жамыслаўлі (Іўеўскі дэканат). Эўхарыстыю ўзначаліў а. Віктар Барысевіч OFM Cap, рэзідэнт парафіі ў Ліпнішках.

У гаміліі святар заклікаў памятаць, хто з'яўляецца сапраўдным Каралём і Валадаром нашага жыцця, і давяраць усе свае справы Езусу – Каралю паводле свайго цялеснага нараджэння (з роду Давіда), а таксама Каралю Валадарства Божага. Падчас Імшы была магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння і паяднання.

Напрыканцы ўрачыстасці вернікі памаліліся Літаніяй да Сэрца Езуса. Пробашч парафіі ксёндз Аляксандр Лебядзевіч падзякаваў айцу Віктару Барысевічу за змястоўныя словы навукі, а парафіяне пажадалі, каб Хрыстус, Валадар Сусвету, меў святароў у сваёй апецы і вёў праўдзівай дарогай у штодзённай працы на Яго хвалу.

zhamyslaul 16

Таксама ўдзячныя парафіяне павіншавалі ў гэты дзень свайго пробашча кс. Аляксандра Лебядзевіча з 10-й гадавінай прэзбітэрскага пасвячэння. Вернікі з Суботнікаў і Жамыслаўля дзякавалі Богу за дар святарства, дар вялікай і незвычайнай таямніцы, агеньчык якой гарыць у душы кожнага святара нязгасным полымем.

Людміла Пясецкая