25 лістапада ва Уроцлаве (Польшча) адбылося ўрачыстае заканчэнне дыяцэзіяльнага этапу беатыфікацыі Слугі Божага ксяндза Аляксандра Зянкевіча, навагрудскага пробашча і дэкана.
Святар быў цесна звязаны з манахінямі Кангрэгацыі Святой Сям’і з Назарэта, 11 з якіх падчас Другой сусветнай вайны былі забіты гітлераўцамі.
Ва ўрачыстасцях заканчэння дыяцэзіяльнага этапу беатыфікацыі прынялі ўдзел прадстаўнікі навагрудскай парафіі разам з сёстрамі назарэтанкамі, а таксама біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.
Канец беатыфікацыйнага працэсу на дыяцэзіяльным этапе (калі збіраліся матэрыялы, што датычылі меркаванняў аб святасці і гераічнасці цнотаў слугі Божага) – гэта пачатак рымскай фазы гэтага працэсу. Кангрэгацыя па справах Кананізацыі даследуе дакументы дыяцэзіяльнага этапу.
Зараз распачынаецца час чакання дэкрэта Кангрэгацыі аб сапраўднасці працэсу, затым – падрыхтоўкі т. зв. positio і прызнання кангрэсам тэолагаў-кансультантаў, потым сходам кардыналаў і біскупаў, а ў канцы – прызнання Святым Айцом гераічнасці цнотаў слугі Божага.
Усе вернікі запрашаюцца да малітвы, каб выпрасіць цуд – звышнатуральную “пячатку”, якая засведчыць святасць жыцця кандыдата да хвалы алтара.
Сын нашай зямлі
З самага пачатку слуга Божы быў звязаны з Беларуссю. Ён прыйшоў у свет у 1910 годзе ў Дунілавічах на Віцебшчыне. Быў самым старэйшым з дзяцей; у яго было восем братоў і тры сястры.
У сям’і Зянкевічаў панавала рэлігійная атмасфера і вялікая прывязанасць да традыцый. На іх абароне стаяла асабліва маці Ядвіга, якая вялікім чынам паспрыяла выхаванню патрыятычнага духу Аляксандра, яго любові да Евангелля і да Маці Божай.
У сям’і Зянкевічаў было некалькі святароў: кс. Альфонс Зянкевіч – дэкан з Крынак (сёння Польшча), кс. Антоні Зянкевіч – дэкан з Глыбокага (Беларусь), бл. кс. Мечыслаў Багаткевіч і кс. Станіслаў Багаткевіч (сыны сястры бацькі кс. Аляксандра).
Аляксандр Зянкевіч вучыўся ў Ніжэйшай духоўнай семінарыі ў Навагрудку і Драгічыне-над-Бугам, затым у Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску. Прэзбітэрскае пасвячэнне прыняў з рук тагачаснага ардынарыя Пінскай дыяцэзіі біскупа Казіміра Букрабы 3 красавіка 1938 г. у пінскай катэдры.
З 1939 да 1946 года нёс служэнне ў Навагрудку. Быў там пробашчам, дэканам і капеланам сясцёр назарэтанак, генеральным вікарыем у паўночнай частцы Пінскай дыяцэзіі.
Калі гітлераўскі тэрор дасягнуў свайго апагею і прывёў да шматлікіх ахвяр сярод польскага насельніцтва, сястра Стэла, якая выконвала абавязкі настаяцельніцы назарэтанак, сказала кс. Зянкевічу: “Мой Божа, калі патрэбна ахвяра жыцця, няхай лепш нас расстраляюць, чым тых, якія маюць сем’і, – мы молімся нават аб гэтым”.
Хутка таксама жыццё кс. Аляксандра Зянкевіча апынулася пад пагрозай. Тады с. Стэла скіравала да яго наступныя словы: “Божа, мой Божа, ксёндз капелан нашмат больш патрэбны ў гэтым свеце, чым мы, таму молімся сёння аб тым, каб Бог лепш нас забраў, чым ксяндза, калі патрэбна далейшая ахвяра”.
Малітвы с. Стэлы і іншых сясцёр былі выслуханы. 1 жніўня 1943 г. на досвітку 11 назарэтанак былі расстраляны ў лесе ў 5 км ад Навагрудка. Ксёндз Аляксандр, а таксама 120 арыштаваных жыхароў Навагрудка засталіся ў жывых.
Наследаваў убоства і самапрысвячэнне
Ахвяра сясцёр-мучаніц аказала велізарны ўплыў на ўсё жыццё кс. Аляксандра Зянкевіча. Ён не панёс мучаніцкай смерці за веру, але склаў сваё жыццё ў ахвяру. Смерць 11 назарэтанак з Навагрудка стала для яго важным жыццёвым імператывам. На працягу ўсяго жыцця ён наследаваў іх убоства і самапрысвячэнне. Не клапаціўся ні аб якіх адрозненнях і тытулах, не надаваў ніякага значэння пашане і касцёльным уганараванням.
Дзякуючы старанням кс. Аляксандра Зянкевіча парэшткі мучаніц былі 19 сакавіка 1945 г. эксгумаваны і перанесены ў агульную магілу пры навагрудскай Фары.
Пасля вайны кс. Аляксандр Зянкевіч працягваў ахвярна служыць католікам у Навагрудку, затым у 1946 г. выехаў у Польшчу, дзе таксама ахвярна служыў, асабліва прысвячаючы сябе душпастырскай працы з моладдзю. У вялікай меры паспрыяў беатыфікацыі мучаніц з Навагрудка. Памёр кс. Аляксандр Зянкевіч 21 лістапада 1995 года ва Уроцлаве.
У 2012 годзе ва Уроцлаве распачаўся інфармацыйны працэс, які пачаў падрыхтоўку да беатыфікацыі кс. Зянкевіча.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота Агаты Комбік