Skip to main content

Біскуп Кашкевіч ва ўрачыстасць Хрыста Валадара: жыць для тых, каго Бог ставіць на нашым шляху

 

Aziory26 лістапада парафія Хрыста Валадара ў Азёрах (дэканат Гродна-Усход) адзначала адпустовую ўрачыстасць тытулу касцёла. На ўрачыстасці сабраліся шматлікія парафіяне, каб у чарговы раз усвядоміць, што Панам іх жыцця з’яўляецца Езус Хрыстус, Кароль усяго свету.

Святую Імшу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. У гаміліі іерарх адзначыў, што гэтая ўрачыстасць нагадвае вернікам аб тым, што гісторыя свету і ўсяго чалавецтва кіруецца да свайго канчатковага спаўнення ў Езусе Хрысце, Сыне Божым, нашым Валадару.

Біскуп Кашкевіч звярнуў увагу, што Пан Езус не выкарыстоўвае падданых, каб дасягнуць уласных мэтаў, не прыгнятае іх моцай сваёй улады і велізарнасцю магутнасці, але з’яўляецца такім Валадаром, для якога найважнейшае – дабро чалавека.

“Пан Езус дасканала ведае кожнага з нас, таму нас шукае, ідэнтыфікуецца з намі, схіляецца над нашай немаччу і слабасцю, каб нас вызваліць з цемры і змроку, узняць якасць нашага жыцця, указаць нам шлях да паўнаты дабра і справядлівасці, любові і праўды”, – дадаў іерарх.

Біскуп адзначыў, што ў Валадарства Езуса запрошаны ўсе людзі, больш за тое, да яго належаць на моцы сакрамэнту святога хросту.

“Наша прыналежнасць да Хрыста і Яго Валадарства з’яўляецца не фармальнасцю, але чымсьці вельмі канкрэтным, чымсьці, што нас абавязвае і з чаго калісьці, на Апошнім судзе, мы павінны будзем здаць справаздачу”, – сказаў іерарх.

Належаць да Хрыста, як патлумачыў біскуп, азначае наследаваць свайго Валадара ў любові, дабрыні і міласэрнасці. “Адорваючы нас сваёй любоўю, Пан Езус чакае, што і мы будзем адорваць любоўю іншых, што вызвалімся з жыцця толькі для сябе і будзем жыць для тых, каго Бог у сваім Провідзе ставіць на нашым шляху”, – падкрэсліў іерарх.

Гродзенскі ардынарый у адпустовую ўрачыстасць заклікаў вернікаў парафіі, каб у сваім штодзённым жыцці яны кіраваліся любоўю і былі адкрытыя на патрэбы іншых. “Няхай жа нашыя сэрцы будуць добрыя і чулыя. Няхай нашыя вочы ўмеюць заўважыць тых, хто знаходзіцца ў патрэбе”, – сказаў біскуп Аляксандр Кашкевіч.

Кс. Юрый Марціновіч