Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, свецкія вернікі, дабрадзеі і сябры Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне!
Езус Хрыстус – Пераможца, Пан Сусвету і Валадар! Гэтую песню спяваем мы ў сённяшнюю нядзелю Хрыста Валадара Сусвету. 11 снежня 1925 года Папа Пій XI устанавіў для ўсяго каталіцкага свету ўрачыстасць Хрыста Валадара. Устанаўліваючы гэтае свята, Папа нагадаў, што Хрыстус з’яўляецца Альфай і Амегай, пачаткам і канцом усяго.
Урачыстасць Хрыста Валадара па сваёй сутнасці ўказвае на канчатковую мэту чалавечага жыцця, г.зн. на аб’яднанне з Богам і адданасць Яго любові ў Валадарстве Божым. Валадарства Хрыста праяўляецца ў збаўленні чалавека. Перад сваёй смерцю на крыжы Ён даказаў вялікую любоў да ўсіх людзей, і, даруючы нашы грахі, прымірыў нас з Богам Айцом і зрабіў новым выбраным народам.
У іканаграфіі Хрыстус Валадар са старажытных часоў прадстаўлены як Пантакратар, ці Усеўладны, які, седзячы на троне, мае пад нагамі зямлю ці трымае зямны шар у далоні. Так прадстаўляюць Езуса старыя абразы і мазаікі. Так Ён прадстаўлены ў Апакаліпсісе – як той, які сядзіць на троне і якому пакланяюцца ўсе стварэнні.
Сённяшняя ўрачыстасць устаноўлена для таго, каб нагадаць нам, што чалавечае жыццё і ўсё, што нас акаляе, мае свой пачатак і канец у Богу. Езусу Хрысту, “Валадару Валадароў”, мы аддаём нашу даніну павагі, хвалу і пашану. Нягледзячы на тое, што Ён не насіў залатую карону, а толькі цярновую, хоць не сядзеў на каралеўскім троне, а толькі быў распяты на крыжы, хоць у Яго не было войска, як у зямных каралёў, тым не менш Хрыстус з’яўляецца Валадаром Сусвету.
Сённяшняя літургія Слова пачынаецца урыўкам з кнігі прарока Эзэхіэля, які паказвае Хрыста як Пастыра людзей. Бог прадказаў праз прарока, што Ён сам будзе шукаць сваіх авечак і сам будзе іх пасвіць. Бог знойдзе страчаных, верне блудных, вылечыць скалечаных, умацуе хворых. Бог выканаў запаведзь: паслаў у свет свайго Сына – Добрага Пастыра.
Хрыстус Валадар – гэта Добры Пастыр, які клапоціцца пра сваіх авечак. Валадаранне Хрыста адрозніваецца ад валадарання ў нашым чалавечым разуменні. Евангелле паводле Мацвея апісвае канчатковы суд: Хрыстус-Пастыр прыйдзе ў славе сваёй і ўсе анёлы з Ім, тады сядзе на троне славы сваёй. І сабраныя будуць перад Ім усе народы, і Ён аддзеліць адных ад другіх, авечак ад казлоў. Ведаем словы Хрыста, скіраваныя да адных і другіх: «Што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі» (Мц 25, 40). Словы Хрыста паказваюць нам шлях да Яго Валадарства. Суд паказаў паўнату каралеўскай улады Хрыста. Святы Павел гаворыць: “Тады Хрыстус перадасць Валадарства Богу і Айцу, каб Бог быў усё ва ўсім“ (1 Кар 15,24-28).
Хрысту не абыякавы ні адзін чалавек. Ён клапоціцца аб тых, хто пазбаўлены зямной велічы, і асабліва праяўляе любоў і схіляецца перад тымі, хто абцяжараны жыццём, галодны, бедны, хворы і зняволены. Для гэтых людзей Езус з’яўляецца аўтэнтычным Валадаром любові і міласэрнасці.
Сёння мы перажываем семінарыйную нядзелю. Семінарыя ў Гродне можа існаваць і выконваць сваю фармацыйную задачу дзякуючы зычлівай дапамозе нашых святароў і вернікаў.
Сёстры і браты, гэта вы з’яўляецеся сябрамі і дабрачынцамі нашай навучальнай установы, гэта вы пастаянная крыніца матэрыяльнай і духоўнай падтрымкі, якую мы адчуваем кожны дзень. Сёння мы гаворым вам шчыра: Бог аддзячыць вам за гэтую дапамогу. Варта падкрэсліць, што нават у самыя цяжкія часы семінарыя атрымлівала падтрымку вернікаў нашай дыяцэзіі. У гэтым мы перакананы і сёння, калі асмельваемся звярнуцца да вас з сардэчнай просьбай аб малітве і матэрыяльнай падтрымцы, неабходнай для функцыянавання нашай семінарыі.
Мы хацелі б нагадаць вам, што духоўная семінарыя не атрымлівае ніякай фінансавай дапамогі з боку дзяржавы, паколькі гэта прыватная касцёльная ўстанова. Мы разлічваем на любячае сэрца вернікаў нашай дыяцэзіі. Гаворым сардэчнае “аддзяч, Божа” за ахвяры, складзеныя сёння, за сабраныя і прывезеныя да нас прадукты харчавання. Мы выказваем падзяку нашым ахвярадаўцам праз штодзённую малітву за іх у семінарыйнай супольнасці.
Усім, хто падтрымлівае нашу семінарыю і прыходзіць да нас з якой-небудзь дапамогай, мы жадаем Божага благаслаўлення. Хай Хрыстус Валадар благаславіць вас, вашы сем'і, а Маці Божая, «Пані Вастрабрамская», абараняе ад усяго злога.
Браты і сёстры! Калі мы пачынаем і заканчваем дзень заклікам «Прыйдзі Валадарства Тваё», калі мы спяваем «валадар над намі, валадар на ўсе стагоддзі...», то прызнаём Хрыста Валадаром нашых сэрцаў і Правадыром у асабістым і грамадскім жыцці.
Катэхізіс Каталіцкага Касцёла нагадвае нам пра тое, што Хрыстус, які сядзіць “праваруч Айца”, прысутнічае з намі ў Касцёле. Мы ўжо з’яўляемся ўдзельнікамі Валадарства Хрыстовага, а пытанне нашай прысутнасці ў Валадарстве Хрыстовым – гэта пытанне нашай актыўнасці і адказнасці за наш Касцёл.
Гэта пытанне аб тым, як прыняць удзел у Эўхарыстыі, пытанне аб чытанні Святога Пісання і якасці нашай малітвы. Пытанне аб нашай прысутнасці ў Валадарстве Хрыста з’яўляецца пытаннем аб тым, ці знаходзіцца Езус і Яго вучэнне ў цэнтры нашага жыцця, ці не абмяжоўваем мы сферу яго ўплыву.
Ці трыумфуе праз мяне Валадарства Хрыста на зямлі, ці сведчу я пра яго? Валадарства Езуса не з гэтага свету, але праз нас павінна прысутнічаць у гэтым свеце. Евангелізацыя і сведчанне – гэта найлепшае праслаўленне Хрыста Валадара і ажыццяўленне Божага Валадарства на зямлі.
З памяццю ў малітве,
кс. Раман Рачко, рэктар, выхаваўцы і выкладчыкі Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне